Адзін з судоў Кіеўскай вобласці выдаў паліцыі дазвол на затрыманне грамадзяніна Беларусі, нарадзінца Магілёва, якому інкрымінуюць крадзеж ва ўмовах ваеннага становішча (ч. 4 арт. 185 Крымінальнага кодэксу Украіны), паведамляе радыё «Свабода».
У справе беларуса – 7 эпізодаў крадзяжоў у Бучы, якія ён, імаверна, учыніў у сакавіку 2022 года, калі горад быў пад расейскай акупацыяй. Мужчыну пагражае ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Агульны кошт рэчаў, якія беларус скраў з некалькіх прыватных будынкаў, – больш за 70 тысяч грыўняў. На сакавік 2022 года гэта адпавядала 2,5 тысячам долараў ЗША ў эквіваленце.
Паводле матэрыялаў справы, у адным з эпізодаў грамадзянін Беларусі вынес рэчаў на 23 920 грыўняў, у другім – на 16 250 грыўняў, у трэцім – на 14 323 грыўняў. У іншых выпадках кошт скрадзенага складаў ад 3,5 да 4,5 тысяч грыўняў. Які памер маральнай шкоды заявілі пацярпелыя, пакуль невядома.
Паводле матэрыялаў справы, беларус пранікаў у пустыя будынкі праз вокны або ламаў дзверы і выносіў розную маёмасць: ноўтбукі, фотаапараты і прылады да іх, залатыя і срэбныя вырабы, ровары, надзіманую лодку, ласты, скураныя рамяні, некалькі дарослых і дзіцячых гадзіннікаў, электраінструменты, мабільныя тэлефоны і г. д.
Пасля затрымання беларуса плануюць даставіць у суд для абрання захады стрымання – яго хочуць узяць пад варту і забяспечыць ягоную прысутнасць на разглядзе справы аб крадзяжах падчас расейскай акупацыі.
Гэта другое падобнае рашэнне, папярэдні дазвол следчыя атрымалі ў кастрычніку 2023 года, але так і не змаглі знайсці і затрымаць абвінавачванага. Яго абвесцілі ў вышук. Пазней стала вядома, што шукаюць Сяргея Лук’янава, які ўцёк з-пад варты ў Польшчу і там вёў гурток для ўкраінскіх дзяцей. Да ўцёкаў ва Украіну мужчына працаваў мастаком у Свята-Елісавецінскім манастыры ў Менску. У Кіеве ён зарганізаваў варту каля стыхійна створанага ля беларускай амбасады мемарыялу памяці Рамана Бандарэнкі.
Тады Сяргей Лукʼянаў расказваў, што з’ехаў з Беларусі ў жніўні 2020 года. У ліпені ў яго адбыўся ператрус, бо ён быў удзельнікам тэлеграм-каналу «Армія з народам», а пазней стаўся фігурантам справы супраць Ціханоўскага.
У сакавіку 2024 года ва Украіне паводле аналагічнага абвінавачвання – за крадзяжы тавараў у крамах Бучы падчас расейскай акупацыі – асудзілі яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі, яго пакаралі 5 гадамі пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам 2 гады. Раней ён, імаверна, служыў у Гомельскім упраўленні Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu