навіны

Беларус даказаў у судзе, што не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы Літвы

Віктар Евілін
Віктар Евілін. Крыніца: Радыё Свабода
podpis źródła zdjęcia

Беларуса Віктара Евіліна прызналі ў Літве пагрозаю нацыянальнай бяспецы. Мужчына аспрэчыў гэтае рашэнне ў судзе і перамог, піша радыё «Свабода».

Віктар Евілін. (Крыніца: Радыё Свабода)
Літва не падоўжыла ДНЖ беларусу, які раней працаваў у МНС – ён аспрэчвае гэтае рашэнне навіны

Віктар Евілін, бацька чацвярых дзяцей, актывіст з Мар’інай Горкі, у Літве жыве з 2020 года. У канцы чэрвеня 2024 года ён даведаўся, што быў прызнаны ў Літве пагрозаю нацыянальнай бяспецы. Тады ж яму не працягнулі дзеяння дазволу на жыхарства. Гэткія дзеянні тлумачыліся тым, што з 1994 да 2013 год Віктар служыў у МНС Беларусі.


Мужчына пастанавіў абскарджваць рашэнне, аднак суд першай інстанцыі падтрымаў пастанову Дэпартаменту міграцыі – не выдаваць дазволу на жыхарства, прызнаць пагрозаю нацыянальнай бяспецы, забараніць уезд у Літву на 30 месяцаў.


Віктар пайшоў у суд вышэйшай інстанцыі, і калегія суддзяў Найвышэйшага адміністратыўнага суда стала на ягоны бок. Паводле беларуса, на гэта паўплывала перабыванне ўсёй ягонай сям’і ў Літве.

,,

«Яны спасылаюцца на Канвенцыю правоў чалавека. Паводле яе, правы чалавека парушаюцца, калі раз'ядноўваецца сям’я. З улікам гэтага фактару і было прынятае рашэнне: у мяне тут сям’я, я браў удзел у пратэставай дзейнасці ў Беларусі, я прыехаў сюды назаўсёды», – кажа Віктар.


У сваім рашэнні суд абапіраецца на Канвенцыю аб абароне правоў і свабодаў чалавека, а таксама на практыку Еўрапейскага суда. Гэтая канвенцыя гарантуе права на павагу да сямейнага жыцця. Таксама ў рашэнні суда згадваецца тое, што жонка Віктара і дзеці маюць літоўскія карані. Магчымасць жа нейкай пагрозы ад яго несувымерная шкодзе, якая наносіцца чалавеку ад раз'яднання сям’і, гаворыцца ў рашэнні суда.


У 2024 годзе ў Літве 598 беларусаў былі прызнаныя пагрозаю нацыянальнай бяспецы.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10