У Наваполацку ў сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што ў горадзе з'явіўся маньяк. Гаворыцца пра некалькіх памерлых. Але мясцовая міліцыя гэта аспрэчвае.
Першы намеснік начальніка ГАУС – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Алег Бабуль заявіў выданню «Новополоцк Сегодня», што ў горадзе не зарэгістравана злачынстваў у сферы сексуальнага гвалту, няма нераскрытых забойстваў і фактаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
«Што ж датычыць інфармацыі у сетках пра так званых «павешаных» кімсьці, то ў нашым горадзе няма падобных фактаў гвалтоўнай смерці. У аператыўна-дзяжурную службу і на адрас работнікаў Наваполацкага ГАУС інфармацыі пра якіх-небудзь падазроных асобаў, якіх можна было б назваць «маньякамі», і іхныя злачынныя замахі не паступала», – падкрэсліў Бабуль.
Адзначым, што ў 1970-1980-я гады ў тым ліку ў ваколіцы Наваполацку забіваў самы вядомы маньяк Беларусі Генадзь Міхасевіч. Яго прызналі вінаватым у забойстве 36 жанчын і расстралялі ў 1987-м.
Якуб Хруст belsat.eu