Расейскі Фонд грамадскай думкі апублікаваў вынікі сацыялагічнага даследавання «Расея і Беларусь». Ёсць там пытанні як пра стасункі з Беларуссю, гэта і пра стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі.
Згодна з вынікамі апытання апытання, калі б сёння праводзіўся рэферэндум датычна аб'яднання Расеі і Беларусі, 61 % апытаных прагаласавалі б за. Іхныя аргументы гучаць так: «мы адзіны народ, мы разам. І яны так лічаць, і мы»; «у савецкі час Расея і Беларусь былі адной краінаю»; «мы ўсе выйшлі з СССР, туды і павінны ўвайсці». 14 % прагаласавалі б супраць, аргументуючы гэта тым, што «ў беларусаў павінна быць свая дзяржава, у Расеі – свая», «нам добра жыць так, быць добрымі суседзямі». 16 % не здолелі адказаць.
На думку 29 % расейцаў, самыя беларусы хацелі б аб’яднання з РФ, 21 % мяркуе, што не хацелі б. 50 % апытаных не здолелі сказаць, што думаюць жыхары Беларусі пра гэта. Паводле іх, расейцы хочуць аб’яднання больш за беларусаў (41 % жыхароў Расеі, на думку апытаных, за такое аб’яднанне, 12 % – супраць).
47 % апытаных мяркуюць, што Беларусь і Расея найбліжэйшымі гадамі не аб’яднаюцца ў адну дзяржаву, 26 % – што аб’яднаюцца.
Цяпер, на іхнае меркаванне, стасункі дзвюх краінаў хутчэй добрыя (83 %). Супрацьлеглай думкі прытрымліваюцца толькі 4 % апытаных.
Як расейцы ставяцца да Лукашэнкі
Да Аляксандра Лукашэнкі 69 % расейцаў ставяцца хутчэй добра, 2 % – хутчэй адмоўна. Яны прызнаюць, што беларусы ставяцца да яго горш – 63 % хутчэй добра супраць 8 % хутчэй дрэнна.
71 % апытаных расейцаў хутчэй давяраюць звесткам пра тое, што на мінулых прэзідэнцкіх «выбарах» Лукашэнка набраў амаль 87 % галасоў. Не вераць у гэта 11 %.
Якуб Хруст belsat.eu