Паважаны Дзмітрый Аляксандравіч! Прашу прабачэння за тое, што звяртаюся да Вас асабіста, наўпрост, аднак стандартны спосаб, якім прапануе ўзаемадзейнічаць з рэдакцыяй сайт узначаленага Вамі выдання «Беларусь сегодня», – не працуе.
Там унізе, пад кожным артыкулам, прапануецца вылучыць ўчастак тэксту, у якім выяўленая памылка і, націснуўшы «ctrl + enter», накіраваць паведамленне ў рэдакцыю. Аднак пры спробе вылучыць такі ўчастак у тэксце артыкула ад 19 лютага 2025 года «Цены в Польше растут, а люди нищают» (за аўтарствам Алены Красоўскай) у мяне не атрымалася нічога. Магчыма, гэта звязана з тым, што памылкай (а дакладней, свядомым скажэннем інфармацыі з мэтай увесці чытача ў зман) з'яўляецца ўвесь тэкст? Разумею, што Вы, з вышыні Вашага становішча, не дапускаеце думкі, што Ваша падначаленая можа свядома хлусіць (за грошы, якія ёй выплочваюцца), але давайце пачытаем разам.
Алена справядліва паказвае, што мінімальная аплата працы ў Польшчы вырасла ў чарговы раз з 1 студзеня і складае цяпер 4666 злотых, або 1100 еўраў. Але! Далей цытую: «Праўда, пасля выліку падаткаў гэтая сума ператвараецца ў 760 еўраў, і гэта ўжо не заробак, а падачка».
Ну... па-першае, Алена ўжо тут схлусіла. Пасля выплаты падаткаў мінімальны заробак у Польшчы складае 825 еўраў. Ужо тут яна чамусьці вырашыла скрасці ў бедных палякаў 65 еўра. Па-другое, польская дзяржава вяртае падаходны падатак, выплачаны з мінімальнага заробку. І – уяўляеце, які разгул капіталізму? – вяртае кожнаму, незалежна ад сумы агульнага даходу. З улікам гэтай акалічнасці мінімальны заробак у Польшчы ўжо пасля падаткаў складае ніяк не менш за 900 еўраў, а гэта значыць, што журналістка ўвяла ў зман чытачоў газеты «адміністрацыі прэзідэнта» адразу на 140 еўраў, прыменшыла мінімальныя даходы ў суседняй краіне на 15,5%.
І, вядома, радуе, адкрыта радуе ўзровень даходаў журналістаў у рэдакцыі «Беларусь сегодня», калі яны суму ў 760 еўра (што на 22% вышэй сярэдняй аплаты працы і ў 4,5 вышэй за беларускую мінімалку) лічаць «падачкай». Зайздрошчу я Алене! Але чытаем далей.
,,Ад жабрацкіх мінімальных заробкаў (у 1000 еўраў) аўтар пераходзіць да жудаснага кошту арэндных кватэр у Варшаве.
Не спыняючыся надоўга на яе развагах, варта зафіксаваць, што прадстаўленыя ёю дадзеныя (мінімальны кошт аднапакаёўкі на ўскраіне Варшавы – 3200 злотых/месяц) ашаламляльна адрозніваюцца ад дадзеных профільнага польскага партала. Там эксперты, якія ніколі не чыталі «СБ. Беларусь сегодня» і не ў курсе ўласнага катастрафічнага становішча, дазваляюць сабе сцвярджаць, што кошт адносна прыстойнай аднапакаёўкі стартуе ад 1800 злотых. І па такім кошце дастаткова прыстойных прапаноў. Што ж атрымліваецца? Алена схлусіла тут на 1400 злотых – завысіла цану на 78%!
Асабліва цікава было мне даведацца пра тое, што цана кракаўскай аднапакаёўкі стартуе ад 3500... Я чытаў пра гэта, седзячы ў вельмі якаснай двухпакаёўцы, якую я здымаю за 3000 менавіта ў Кракаве. Прыйшлося мне, Дзмітрый Аляксандравіч, сябе ўшчыкнуць. Аднак туман над артыкулам не разышоўся, лічбы не змяніліся.
Ну і пра тое, колькі цяпер каштуе арэнда кватэры ў Менску і на колькі дзён (ніяк не месяцаў) арэнды хопіць беларускай мінімалкі, журналістка палічыла за лепшае не ўзгадваць. Нават не ведаю, чаму?
Крыху ніжэй Алена, напалохаўшы чытача коштам арэнды кватэр, перайшла да прадуктаў харчавання, і тут, вядома... Можа, яна там у Вас на дыеце якой сядзіць? Інакш чым растлумачыць павальнае завышэнне коштаў на 30-50%? Я, прачытаўшы дадзены матэрыял, нават не пайшоў у бліжэйшую «Бядронку», а адкрыў сайт дастаўкі «Ашан». Мінімальныя кошты ў Алены (у еўра): цыбуля – 1,1 за 1 кг, яйкі (10 шт.) – 2,5, алей (200 г) – 2,5, і... тая самая злашчасная ялавічына. І што яна ёй так далася? Цытата: «Кілаграм ялавічыны каштуе ад 14 еўра»…
І як жыць? З такімі коштамі! Тым часам кошты ў «Ашане» (таксама ў еўра): цыбуля – 0,84 за 1 кг, яйка (10 шт.) – 1,9, алей (200 г) – 1,8, ну і ялавічына – 9,6!
,,І як гэта разумець, Дзмітрый Аляксандравіч? Ці адпавядаюць такія паводзіны гордай назве «газеты адміністрацыі прэзідэнта»? Ці па-іншаму: навошта хлусіць там, дзе цябе лёгка зловяць за руку? У артыкуле яшчэ шмат вось такой фактычнай хлусні, спробы ўвесці чытача ў зман.
Дзеля справядлівасці, трэба адзначыць, што Алена, выдаючы адкрыта скажоную інфармацыю, пару разоў сказала-такі праўду. Першы – калі згадала, што базавыя мінімальныя выдаткі на жыццё (ежа + бытавая хімія) у Польшчы – 1000 злотых (230 еўраў), гэта праўда. Другі – калі пазнаёміла чытачоў «СБ» з узроўнем заробкаў у некаторых галінах у Польшчы. І там яна паказала, што заробкі ў медыцыне стартуюць ад 2150 еўраў на месяц. За працу на адну стаўку. І гэта таксама праўда.
Вось толькі дзякуй за гэтую праўду я ні ёй, ні Вам, ні выданню не скажу. Гэтая праўда выпадкова прарвалася праз нагрувашчванне хлусні, маніпуляцый. Яна яе проста не заўважыла. І гэта таксама проста брак у працы Алены.
І ўсё ж такі, Дзмітрый, ці могуць на старонках такога сур'ёзнага выдання як «СБ» знаходзіцца лічбы, якія не маюць дачынення да рэчаіснасці?