навіны

Новыя суды і «экстрэмісты»: рэпрэсіі 26 лютага

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Зеркало»
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» працягвае весці хроніку рэпрэсій, якія не сканчваюцца ў Беларусі.

Інтэрнэт-выданне «Медиазона. Беларусь» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Пра гэта паведаміў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал. Адзначаецца, што «экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаныя як сайт, так і ўсе сацыяльныя сеткі выдання.


Таксама стала вядома, што «экстрэмісцкімі» прызнаныя тэлеграм, інстаграм, ютуб, фэйсбук і «Аднакласнікі» армянскай блогеркі Розы Бабаханян. Нагадаем, 19 лютага яе асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле артыкула 19.11 КаАП. А ўжо ўвечары 24 лютага Бабаханян вывезлі з Менску ў Ерэван. У яе вызваленні ўдзельнічаў кіраўнік партыі «Працаўтая Арменія» Гагік Царукян. Ён таксама ўзначальвае Нацыянальны Алімпійскі Камітэт Арменіі.


Таксама спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:


  • Telegram-каналы і чаты: «by Zluki Bobry/Злюкі Бобры», «Божа Справа», «Акультныя практыкi», «Zrobleny ū Miensku», «Беларусы Кіпра», «Беларусы Анталіі»;
  • Instagram-старонкі: «nesluchajno.by», «vyboryvbelarusi2020», «rusdemsociety_serbia», «nexta_live_belarus»;
  • Фатаграфіі старонак у «Аднакласніках»: «По Пиццот», «Галина Витковская»;
  • Старонкі ў TikTok: «Klim Zlobič 0.1», «Lahvich», «Osveta».


Стала вядома, што з пачатку 2024 года МАРТ ініцыяваў абмежаванне доступу да 84 інтэрнэт-рэсурсаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.


Такія меры ў МАРТ тлумачаць «неналежнай рэкламай» на замежных інтэрнэт-рэсурсах. Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў ведамства назвала:


  • рэкламу «цудоўных» прэпаратаў, якія на самай справе не з’яўляюцца лекамі;
  • незаконнае выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі Беларусі;
  • увядзенне карыстальнікаў у зман з мэтай выманьвання персанальных дадзеных (фішынгавыя сайты, якія імітуюць рэсурсы вядомых беларускіх банкаў, паштовых аператараў і інш.).


Георгій Каржанеўскі. Фота: сацсеткі
Георгій Каржанеўскі. Фота: сацсеткі


Імя віцебскага журналіста Георгія Каржанеўскага зноў з'явілася ў судовым раскладзе.


На 27 лютага ў судзе Першамайскага раёну Віцебска анансаваны разгляд ягонай справы паводле ч. 2 арт. 19.10 КаАП. Журналіста абвінавачваюць у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. Працэс пройдзе пад старшынствам Кацярыны Цыбульскай, паведамляе «Віцебская вясна». Тая ж суддзя судзіла Георгія Каржанеўскага 7 лютага. Тады яго вінавацілі за «распаўсюд экстрэмізму» ў інтэрнэце паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП і паводле ч. 2 арт. 19.10 КаАП.


Увесь гэты час Георгій Каржанеўскі не выходзіў на сувязь, яго прысутнасць у сацыяльных сетках таксама не была заўважана.


У пракуратуры заявілі, што колькасць «экстрэмісцкіх злачынстваў» у 2024 годзе скарацілася амаль у два разы. Пра гэта паведаміў генпракурор Андрэй Швед, выступаючы з дакладам перад парламентам.


У Беларусі з’явілася 19 новых палітвязняў. Гэта Армэн Арзуманян, Сяргей Латушка, Наталля Васіленка, Уладзімір Шпак, Карына Праташчык, Уладзіслаў Кошалеў, Руслан Зубкоў, Максім Ермаловіч, Даніла Чыбісаў, Павел Лашчанка, Алена Елькіна, Антон Варабей, Андрэй Креэйдзіч, Глеб Жукаў, Дзмітрый Касцюк,Раман Раманаў, Уладзімір Марцінкевіч, Вячаслаў Курыльчык, Ігар Шуканаў.

 

У судзе Фрунзенскага раёну Менску пачалі судзіць былога Сяргея Паўлюкевіча. Ён быў адміністратарам суполкі Укантакце «Мы за вялікую Беларусь» (больш за 120 тысяч падпісчыкаў, гэта была найбуйнейшая беларуская група) і сустрэчы «Марш мільёнаў». Паўлюкевіча абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах па «народным» артыкуле (ч. 1 арт. 342). Суддзя – Марыя Батвінка.


26 лютага ў Мазырскім раённым судзе пачаўся закрыты працэс над 62-гадовым супрацоўнікам лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Ігарам Шуканавым. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: за «паклёп на Лукашэнку» па ч. 2 арт. 367 КК і «арганізацыю і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» па ч. 1 арт. 342 КК.


Ігара Шуканава паказальна жорстка затрымлівалі 1 жніўня 2024 года. Па яго з Менску прыехалі губазікаўцы. Затрымалі проста на працоўным месцы. Затым заводскім аўтамабілем вывезлі за прахадную заводу і збілі.

 

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10