Міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка заявіла, што ўвядзенне электронных бальнічных стане сур'ёзнай дапамогай наймальнікам і працаўнікам. Увесці іх плануецца да канца 2025 года.
Пра тое, што ў Беларусі могуць увесці электронны бальнічны, пачалі гаварыць яшчэ на пачатку мінулага года. Тады паведамлялася, што новаўвядзенне патрэбнае, «каб падмацаваць сацыяльныя правы грамадзянаў», паменшыць памылкі працадаўцаў, палегчыць працу ў прызначэнні і выплаце дапамогі на падставе часовай непрацаздольнасці.
Таксама планавалася, што электронны бальнічны дапаможа спыніць падробкі, якія сустракаліся ў папяровых дакументах. І вось размова пра тое, што папяровыя бальнічныя мусяць саступіць месца электронным, зайшла зноўку.
Міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка паведаміла, што электронны бальнічны плануюць увесці ў Беларусі да канца 2025 года. З ейных словаў, увядзенне электроннага бальнічнага стане другім этапам пасля паспяховай рэалізацыі першага этапу ў 2024 годзе, які дазволіў грамадзянам з дзесяцігадовым стажам і рэгулярнымі ўнёскамі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) атрымліваць поўную аплату бальнічнага з першага дня хваробы.
«Паўнавартасна да канца года запускаем электронны бальнічны, – заявіла Паўлючэнка. – Гэта сур'ёзная дапамога і наймальнікам, і працаўнікам. Гэта значыць, папяровыя лісткі непрацаздольнасці паступова адыдуць у мінуўшчыну».
Паведамляецца, што праект будзе зрэалізаваны на электроннай пляцоўцы Міністэрства аховы здароўя.
Надзея Вольная belsat.eu