Здасць Украіну і пасябруе з Лукашэнкам: што робіць Доналд Трамп?

Што зробіць Доналд Трамп: здасць Украіну і пасябруе з Лукашэнкам і Пуціным? Чаму Зянон Пазняк лічыць, што дарадцы прэзідэнта ЗША даводзяць да яго памылковую інфармацыю пра Расею? Спрачаюцца Валер Кавалеўскі і Павел Усаў. Новы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Свет імкліва змяняецца, але чым пагражаюць перамовы паміж Доналдам Трампам і Уладзімірам Пуціным Беларусі, Украіне і Еўрапейскаму Звязу?

Палітык Валер Кавалеўскі заяўляе: «Трамп фактычна адштурхоўвае ў бок сваіх партнёраў. Больш за тое, ёсць спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы некаторых краінаў, тут можна сказаць пра Вялікую Брытанію, напрыклад, ці пра Нямеччыну. Гэта таксама нападкі на Канаду, якая ёсць найбліжэйшым саюзнікам для Злучаных Штатаў. Ну і, канечне, гэта тэма Украіны. Тут выглядае, што Трамп выбірае стратэгію, вельмі падобную да таго, як ён вёў перамовы наконт Афганістану. У той час ён размаўляў менавіта са сваімі ворагамі, маю на ўвазе "Талібан", абыходзячы цэнтральныя ўлады, і пры гэтым былі пэўныя спробы разгойдвання ўнутранай сітуацыі. Цяпер мы бачым, што прыкладна тое самае адбываецца ва Украіне, калі Трамп размаўляе наўпрост з ворагам, абыходзячы цэнтральныя ўлады, абыходзячы сваіх саюзнікаў з Еўрапейскага Звязу».

Якія падводныя камяні хаваюцца за «планам Трампа» і ці існуе ён увогуле? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.