навіны

У Беларусі сабраліся зносіць хрушчоўкі і ладзіць рэнавацыю на ўзор Расеі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: brestcity.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: brestcity.com
podpis źródła zdjęcia

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва распрацоўвае канцэпцыю дзяржаўнай жыллёвай палітыкі ў Беларусі да 2030 года, якая будзе ўключаць у сябе дэўрбанізацыю, рэнавацыю і павелічэнне аб'ёмаў будаўніцтва арэнднага жытла. Пра гэта распавяла чалец Пастаяннай камісіі ў пытаннях жыллёвай палітыкі, гандлю і будаўніцтва Палаты прадстаўнікоў Анжаліна Сырамятнікава.

Рэнавацыя будзе накіраваная на рассяленне жыхароў і знос жылога фонду, які мае невялікую паверхавасць і салідны тэрмін эксплуатацыі, перадае БелТА.

,,

«Беларусь пойдзе па шляху Расеі, якая ўжо дзясятак гадоў займаецца рэнавацыяй жыллёвага фонду. Хрушчоўкі ў свой час былі першымі шматкватэрнымі дамамі, якія будаваліся з дапамогай жалезабетонных панэляў, што дазволілі рассяліць жыхароў камунальных кватэраў і развязаць кватэрнае пытанне ў перыяд вострай нястачы жытла ў СССР. Гэтая спадчына савецкага мінулага вычарпала сябе як маральна, паколькі мае малагабарытныя і прахадныя пакоі, так і фізічна – укладанне фінансавых сродкаў у капрамонт немэтазгоднае», – сказала дэпутатка.


Паводле яе, знос старых дамоў, што месцяцца бліжэй да цэнтраў гарадоў, і будаўніцтва новых будуць арыентаваныя на эфектыўную забудову ўжо сфармаваных мікрараёнаў, паляпшэнне жыллёвых умоваў грамадзянаў, развязанне праблемаў з састарэлай інфраструктурай. Жыхарам знесеных дамоў абяцаюць раўнацэннае жытло з жылой плошчай не меншай, чым у старой кватэры, або грашовую кампенсацыю.

Анжаліна Сырамятнікава адзначыла, што дэўрбанізацыя прадугледжвае скарачэнне абʼёмаў будаўніцтва жытла ў буйных гарадах і перанос акцэнтаў на ўзвядзенне жытла ў гарадах-спадарожніках і вёсках. Яна расказала, што падтрыманне пры будаўніцтве і куплі жытла будзе нададзенае пры ўмове, што чаргавік жыве і працуе ў горадзе, у якім будуе або купляе жытло. Заахвочваць людзей да пераезду за горад будуць таксама, абяцаючы ім за гэта пасля працаўладкавання на месцы суму, роўную дзевяці бюджэтам пражыткавага мінімуму (цяпер 4028,76 рубля).

Што датычыць арэнднага жытла, то дэпутатка заявіла, што ўжо падпісаны ўказ, які прадугледжвае першачарговае наданне арэнднага жытла работнікам найбольш запатрабаваных прафесіяў. У гэтым выпадку аплата за яго будзе прымацца з паніжальным каэфіцыентам. Анжаліна Сырамятнікава мяркуе, што гэта «паспрыяе прытоку спецыялістаў, запатрабаваных для кожнага канкрэтнага раёну, іх замацаванню на працоўных месцах і, як вынік, развіццю эканомікі рэгіёну».

Падчас рэнавацыі жытла ў Расеі заўважалі дзіўныя крытэрыі зносу пяціпавярховых дамоў, калі вышэйшы прыярытэт аддаваўся дамам, размешчаным бліжэй да цэнтру гораду. Пры гэтым шмат падобных дамоў былі пабудаваныя ў канцы 1950-х з цэглы і лічыліся жытлом больш камфортным за панэльныя дамы 1960-х гадоў.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10