навіны

Пара пераехала ў Беларусь з Расеі і назвала нованароджанага сына Трампам

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Фота: President Donald J. Trump / Facebook
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Фота: President Donald J. Trump / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Сямейная пара з расейскага Новасібірску, якая пераехала ў Беларусь, дала нованароджанаму дзіцяці імя, сугучнае з прозвішчам дзейнага прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі.

Трамп Уладзіміравіч нарадзіўся ў лютым у сям'і новасібірцаў, якія два гады таму пераехалі ў Беларусь, паведамляе Сиб.фм.

,,

«Гэта не абавязкова адсылка ў палітычны бок. У гэтага ёсць мноства этымалогіяў. Ужо праз некалькі гадоў гэтае імя зробіцца рэдкім. Хочам, каб у дзіцяці было незвычайнае імя», – расказаў бацька Уладзімір.


У паселішчы непадалёк Менску жывуць бацькі галавы сям'і, і сібіракі далучыліся да іх. Бацька Уладзімір працуе праграмістам, а маці Алена – фларыстка. Ім пакуль не выдалі пасведчання аб нараджэнні дзіцяці. Маці з малым яшчэ застаюцца ў радзільні.

Якія рэдкія і папулярныя імёны ў Беларусі?

У 2024 годзе ў Беларусі ў топ-5 самых папулярных імёнаў, якія бацькі давалі хлопчыкам, увайшлі Міхаіл, Мацвей, Цімафей, Арцём і Марк. А дзяўчатак часцей за ўсё называлі Соф'яй, Евай, Ганнай, Марыяй, Алісай.

Давалі дзецям і рэдкія імёны. Гэтак, на Берасцейшчыне былі зарэгістраваныя хлопчыкі Арыстарх, Мерлін, Кузьма, Савацій, Яўстафій і дзяўчаткі Авіва, Тавіфа, Ксантэя, Мікалая, Філаніда; на Віцебшчыне, адпаведна, Алмаз, Акім, Гектар, Дастан, Космас, Карым, Самуіл ды Аглая, Уладлена, Зайра, Герда, Ясенія, Каталея, Мірана. У Гомельскай вобласці хлопчыкам давалі імёны Авенір, Аміран, Вінчэнца, Космас, Мір, Марс, Паісій, а дзяўчаткам – Алмаза, Авігея, Жызэль, Лета, Лірына, Ляля, Царына, Феміда.

На Гарадзеншчыне хлопчыкаў называлі Дабрыня, Гектар, Пётр-Леанарда, Ярмір Лад, Цімей, а дзяўчатак – Аўрора, Луна, Ларцыя, Севярына, Славяна. У Магілёўскай вобласці зарэгістраваныя такія мужчынскія імёны, як Аміхран, Джахар, Давіці, Ідрыс, Шант; жаночыя – Айна, Айвера, Луна, Сумая, Эрнесціна. У Менскай вобласці сярод незвычайных імёнаў былі мужчынскія Бернард, Дзін, Вілі, Элай, Якім, Ясь, Цінчэнь і жаночыя Асоль, Лавія, Мадонна, Акіянія, Луна, у Менску – Алмаз, Рацібор, Дабрыня, Янка, Карней, Златан (мужчынскія) і Манэ, Дзева, Іаана, Вясна, Матрона, Эліф (жаночыя).

Уласнае імя дзіцяці ў Беларусі даецца на жаданне бацькоў. Можа даць не больш як два імені. Імя, запісанае ў запісе акту аб нараджэнні першым, лічыцца асноўным. ЗАГС не можа адмовіць у наданні дзіцяці абранага бацькамі імя, калі яно не супярэчыць нормам грамадскай маралі або нацыянальным традыцыям.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10