У сталіцы Расеі падпалілі дзверы кватэры музыкі Ягора Бортніка, больш вядомага як Лёва Бі-2. Раней ён расказваў, што яго хацелі развесці расейскія праўладныя пранкеры.
Пра тое, што дзверы кватэры Лёвы Бі-2 у Маскве падпалілі, расказала «Baza». Паводле выдання, відэа падпалу было выкладзенае ў адным з закрытых тэлеграм-каналаў. Пры гэтым на сцяне побач з кватэрай падпальшчыкі напісалі «Прывітанне ворагу і здрадніку Лёву ад Піяніста».
У тэлеграм-канале, дзе выкладзенае відэа падпалу, кадры суправадзілі подпісам, што гэта быў «падарунак на 23 лютага», бо музыка «як пачалася вайна – уцёк і пачаў фінансаваць ЗСУ, падставіў бізнес усёй сваёй групы».
Як адзначае «РЕН ТВ|Новости», так званы Піяніст прапаноўвае сілавыя паслугі ў даркнэце. Ён заяўляе, што зарабляе на адным падпале ад $ 1,5 тыс. і прынцыпова не прымае замоваў ад украінскіх спецслужбаў.
Лідары «Бі-2» – Лёва і Шура – нарадзіліся ў Беларусі і падтрымліваюць дэмакратычныя змены на радзіме. У Расеі музыкам пагражае крымінальны пераслед за антываенную пазіцыю. За мяжой удзельнікі гурта сутыкнуліся з адменаю канцэртаў праз ціск расейскіх дыпламатаў. У студзені 2024 года ў Тайландзе гурт некалькі дзён пратрымалі ў міграцыйнай турме і збіраліся дэпартаваць у Расею, але гэтага ўдалося пазбегчы дзякуючы намаганням ізраільскага МЗС і медыйнаму розгаласу.
На пачатку лютага 2025 года Лёва Бі-2 расказаў, што да яго звярталіся пранкеры Ваван і Лексус (Уладзімір Кузняцоў і Аляксей Сталяроў), шчыльна звязаныя з расейскімі спецслужбамі, і хацелі выцягнуць яго ў Італію, у горад Турын. Але музыка здолеў іх выкрыць.
Пасля размовы з пранкерамі відэа з поўным адрасам кватэры Лёвы Бі-2 было выкладзенае ў адным з найбуйнейшых навінавых тэлеграм-каналаў, піша «Baza».
Якуб Хруст belsat.eu