Увечары 25 лютага суданскі вайсковы самалёт Ан разбіўся ў Умдурмане на поўначы ад сталіцы краіны, Хартуму. У выніку авіякатастрофы загінулі экіпаж і некалькі вайскоўцаў на борце, а таксама людзі на зямлі.
Гэта другі інцыдэнт за два дні. Ваенізаваныя Сілы хуткага рэагавання (RSF), якія падтрымлівае Расея, заявілі, што іх супрацьпаветраная абарона збіла армейскі самалёт Іл у Ньяле, што ў Паўднёвым Дарфуры, але вайскоўцы не пракаментавалі гэтай заявы, піша «Sudan Tribune».
У кароткай заяве прэс-сакратар суданскай арміі заявіў, што самалёт Ан разбіўся падчас узлёту з аэрапорту Ўадзі-Сэідна. Дадатковых падрабязнасцяў не паведамілі. Паводле прэс-сакратара, ёсць ахвяры і параненыя як сярод вайскоўцаў, гэтак і сярод цывільных жыхароў.
Вайсковыя крыніцы «Sudan Tribune» заявілі, што самалёт ляцеў у Порт-Судан і перавозіў шэраг афіцэраў, у тым ліку высокапастаўленых. Крыніцы звязваюць катастрофу з тэхнічнай няспраўнасцю, кажучы, што лятак упаў на дом, нягледзячы на намаганні пілота накіраваць яго да адкрытай мясцовасці. Відавочцы адзначаюць, што самалёт ляцеў на невялікай вышыні, недалёка ад дахаў, і выдаваў гучныя гукі, якія выклікалі паніку сярод жыхароў. Упаўшы на жылыя раёны, самалёт выклікаў моцныя выбухі і ўзняў густыя клубы пылу і дыму.
Паведамляецца, што сярод ахвяраў – генерал-маёр Бахр Ахмэд Бахр. Таксама паведамляецца прынамсі пра пяць загінулых цывільных жыхароў. «Reuters» адзначае, што сумарна загінула больш як 20 асобаў.
Грамадзянскай вайна ў Судане цягнецца з красавіка 2023 года. Розныя бакі ў канфлікце падтрымліваюць у тым ліку Расея і Украіна.
Якуб Хруст belsat.eu