навіны

Ва ўніверсітэце Беластоку будуць выкладаць беларускую этнафілалогію і спадчыну ВКЛ

Беластоцкі ўніверсітэт. Фота: uwb.edu.pl
Беластоцкі ўніверсітэт. Фота: uwb.edu.pl
podpis źródła zdjęcia

На філалагічным факультэце Беластоцкага ўніверсітэту адкрываецца новы кірунак першай ступені дзённага навучання – беларуская этнафілалогія. Як заяўляецца, яго выпускнікі змогуць працаваць у медыях, выдавецтвах, установах культуры і дзяржаўнага кіравання. Новую спецыяльнасць уключаць у сёлетнюю прапанову набору ва ўніверсітэт.

«Беларуская этнафілалогія – гэта гуманітарная галіна, што прапаноўвае ўнікальнае спалучэнне лінгвістычных, літаратуразнаўчых і культуралагічных ведаў, якое дазволіць студэнтам набыць комплексныя моўныя і культурныя кампетэнцыі», – кажа Бэата Пецыхна, намесніца дэкана ў пытаннях навукі і міжнароднай супрацы філалагічнага факультэту Беластоцкага ўніверсітэту.

Паводле яе, прапанова адрасаваная як абітурыентам з Польшчы, гэтак і прэтэндэнтам з Беларусі.

Студэнты будуць вывучаць беларускую мову, літаратуру і культуру. Праграма навучання ўлічвае рэлігійную разнастайнасць беларусаў, таму ў яе ўключаныя такія прадметы, як філасофская і рэлігійная думка ды асобныя пытанні візантыйскай культуры. Будуць вывучацца і падзеі, звязаныя з культурай і літаратурай польска-беларускага памежжа з улікам спецыфікі матэрыяльнай і духоўнай культуры Падляшша, а таксама гістарычных працэсаў фармавання беларускай меншасці ў Польшчы.

,,

«Навінкай, якой не прапаноўвае ніводзін іншы ўніверсітэт у Польшчы, ёсць прадмет "Аналіз тэкстаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага", у межах якога студэнты навучацца чытаць дакументы былой польскай і беларускай дзяржавы», – адзначае Ганна Саковіч з кафедры беларусістыкі філалагічнага факультэту Беластоцкага ўніверсітэту.


Нагадаем, што ў суседняй Літве амаль 70 грамадскіх дзеячаў скіравалі ліст прэзідэнту, чальцам Сейму і Міністэрству замежных справаў краіны з заклікам забараніць беларусам выкарыстанне сімвалу Віціс, ці Пагоні, а таксама любых іншых літоўскіх сімвалаў як на «пашпарце Новай Беларусі», так і ў любой іншай форме ды афіцыйным кантэксце.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10