25 лютага ў судах Беларусі распачаўся разгляд некалькіх палітычна матываваных крымінальных справаў. Таксама стала вядома пра прысуд за ўдзел у пратэстах сямейнай пары, а праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 14 чалавек. Падрабязней – у нашым аглядзе рэпрэсіяў.
У судзе Кобрынскага раёну 25 лютага распачаўся разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») супраць Дзмітрыя Кубарэцкага, Наталлі Кубарэцкай, Віктара Ціханенкі, Іллі Ціханенкі.
28-гадовы Ілля і 23-гадовы Віктар Ціханенкі – браты. 35-гадовы Дзмітрый і 34-гадовая Наталля Кубарэцкія – муж і жонка, якія маюць 9-гадовую дачку.
Працэс вядзе суддзя Аляксей Кміта.
25 лютага ў судзе Мазырскага раёну распачаўся разгляд крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзідэнта») у дачыненні да Анастасіі Ахраменкі. Судовы працэс у закрытым рэжыме ўзначаліў суддзя Анатоль Стрэльчанка.
Анастасія прафесійна займалася фатаграфіяй, рабіла фотасесіі на замову. Апошняя яе актыўнасць у сацыяльных сетках была каля месяца таму.
У суд накіравалі справу ў дачыненні да пяці беларускіх добраахвотнікаў. Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаныя здзейснілі «шэраг злачынстваў экстрэмісцкай, тэрарыстычнай і іншай накіраванасці». Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэту.

29-гадовую супрацоўніцу кампаніі «Пеленг» Карыну Праташчык асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі»).
Суд над дзяўчынай пачаўся 3 лютага ў Менскім гарадскім судзе. Справу Карыны разглядала Любоў Сімахіна. Апошняя актыўнасць у сацсетках Карыны была больш за паўгода таму. Прыкладна ў той жа час, у ліпені 2024 года, адбываўся масавы пераслед супрацоўнікаў «Пеленгу».
Па звестках «Белполу», з 2017 года Праташчык працавала на «Пеленгу». Апошнім часам – кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Яна займалася праверкай якасці аптычных вырабаў.
У Гарадзенскім абласным судзе 24 лютага разглядалі крымінальную справу супраць Леаніда і Антаніны Церабеяў паводле пяці крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 1 арт. 130 («Распальванне варожасці»), ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»), арт. 370 («Глумленне з дзяржаўных сімвалаў»).
Суддзя Мікалай Чачынскі прызначыў Антаніне два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»), а Леаніду – тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
24 лютага ў Светлагорску суддзя Валер Мінчын асудзіў мясцовага жыхара Паўла Шусціна паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Павел Шусцін працаваў на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце і ўзначальваў там грамадскую камісію па ахове прыцы. У 2020 годзе Шусцін уваходзіў у склад участковай выбарчай камісіі № 19, што месцілася ў светлагорскай ДЮСШ № 2. Туды ён нібыта быў вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заявы.
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 14 чалавек. Гэта Віктар Саўчыц, Аляксей Горын, Сяргей Кабурнееў, Аляксандр Сезень, Юрый Залатухін, Леанід Церабей, Анатоль Крупін, Віктар Вараб'ёў, Аляксандр Яворскі, Сяргей Цераховіч, Карына Маліноўская, Юрый Кутузаў, Уладзімір Махнач, Алена Бадзяка.
Беларускай журналістцы ў эміграцыі Таццяне Ашуркевіч сапсавалі дзверы менскай кватэры – залілі іх мантажнай пенай і клеем і пакінулі надпіс «Вярні доўг».
Таццяна адна зарэгістраваная ў кватэры, аднак не жыве ў Беларусі ўжо 4 гады. У студзені 2025 года ў выданні «Politicо» быў апублікаваны матэрыял Таццяны пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу. У тэксце ішлося пра тое, як «рэжым Лукашэнкі ператварыў міграцыю ў зброю».
Марыя Міхалевіч belsat.eu