Невядомыя залілі мантажнаю пенаю дзверы менскай кватэры журналісткі Таццяны Ашуркевіч, а таксама напісалі на іх фарбаю «вярні доўг». Пра гэта жанчына апавяла 25 лютага на сваёй старонцы ў Facebook.
Таццяна зазначае, што ў кватэры некалі жыла адна і зарэгістраваная там таксама толькі яна. Дзверы былі залітыя клеем, іх немагчыма было адчыніць.
,,«На выходных даведалася, што вінная некаму «вярнуць доўг». <…> Відаць, выпадкова супала з тым, што пасля тэксту ў «Politico» пра міграцыйны крызіс фэйкавыя акаўнты пачалі віншаваць мяне з крыміналкамі праз «дыскрэдытацыю РБ», «абразу» і «паклёп» на Лукашэнку ды іншаю радасцю. А ў тую ж раніцу «заклееных дзвярэй» мяне прыйшлі шукаць з міліцыі. «Вярні доўг» радзіме, але ёсць нюанс», – напісала журналістка.
Таццяна Ашуркевіч – беларуская журналістка, палітычная аглядальніца і аналітык. Не жыве ў Беларусі ўжо чатыры гады.
У студзені 2025 года ў выданні «Politicо» быў апублікаваны матэрыял Таццяны пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу. У тэксце ішлося пра тое, як «рэжым Лукашэнкі ператварыў міграцыю ў зброю».
Марыя Міхалевіч belsat.eu