Намеснік Святланы Ціханоўскай, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка з нагоды трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны апавёў пра дзейнасць ягонай каманды ў зборы і дакументаванні доказаў злачынстваў, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей.
Каманда НАУ на працягу двух гадоў сістэматычна збірае і дакументуе доказы гэтых злачынстваў, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь і іхнай прымусовай індактрынацыяй.
У чэрвені і лістападзе 2023 года НАУ перадала сабраныя матэрыялы прадстаўнікам Офісу пракурора Міжнароднага крымінальнага суда: сведчанні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей і факты іхнай прымусовай інтэграцыі ў беларускае і расейскае сацыяльна-культурнае асяроддзе.
,,«Паводле сабраных намі звестак, агульная колькасць гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей у Беларусь ужо перавысіла 3500 чалавек. З лістапада 2024 года да студзеня 2025 года мінімум 7 групаў дзяцей былі незаконна перамешчаныя з часова акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Беларусь. Большасць з іх – з Данецкай, Луганскай і Херсонскай вобласцяў Украіны. Не менш як 120 дзяцей сталіся ахвярамі незаконнай дэпартацыі і прымусовай індактрынацыі на тэрыторыі Беларусі», – адзначае Павел Латушка.
Сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем дакументы змяшчаюць звесткі пра даты і месцы перабывання дзяцей, абставіны іхнага перамяшчэння, праграму іхнага перабывання ў Беларусі; крыніцы інфармацыі, выкарыстаныя для пацвярджэння даных (фотаздымкі, відэазапісы, дакументы).
«Мы працягваем актыўную працу, фіксуючы новыя выпадкі злачынстваў і выяўляючы вінаватых. Мы нагадваем асобам, адказным за ўчыненне гэтых злачынстваў, што яны не маюць тэрміну даўніны, а справядлівасць абавязкова пераможа», – рэзюмуе намеснік Ціханоўскай.
Марыя Міхалевіч belsat.eu