У студзені год да года ВУП вырас на 3,7 %, а калі параўноўваць са снежнем і прыбраць сезоннасць, то эканоміка, наадварот, «прасела». Пра гэта на брыфінгу паведаміў адмысловец даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык.
«ВУП у нас вырас трошкі болей за 3,7 % у студзені ў параўнанні з студзенем мінулага года пасля прыросту на 4,7 % у снежні. Пры гэтым, калі мы прыбяром уплыў сезоннага чынніку і паглядзім, як змяніўся аб'ём ВУПу ў параўнанні з папярэднім месяцам, то ў студзені назіралася такое невялікае скарачэнне выпуску да снежня на 0,2–0,5 % у залежнасці ад метаду сезоннага карэктавання», – з гэтага пачаў прэзентацыю для журналістаў эканаміст даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык.
Галоўным тормазам у эканоміцы ў студзені аказалася энергетыка, якая скарацілася год да года ажно на 9,3 %.
«Гэта ў шмат чым было звязана з зніжэннем генерацыі энергіі ва ўмовах рэкордна цёплага студзеня», – растлумачыў эксперт.
Заўважна расла апрацоўчая прамысловасць. Тут пастараліся Менск, Менская і Гомельская вобласці. Харытончык, паскардзіўшыся на брак неабходных дадзеных, выказаў думку, што рост адбыўся ў машынабудаванні і металургіі:
«Гэтыя дзве галіны, падобна, маглі быць падтрыманыя істотнымі бюджэтнымі ўліваннямі ў Расеі ў снежні – студзені ў межах авансавання дзяржзакупак. Таксама імаверна, з увагі на рэгіянальную дынаміку, паступовае ўзнаўленне нафтаперапрацоўвання».
Адначасова рост вытворчасці суправаджаўся назапашваннем прадукцыі на складах:
,,«У Віцебскай і Гомельскай вобласцях даволі моцна скокнулі ў студзені. Мяркую, што НПЗ маглі рабіць запасы нафты і нафтапрадуктаў на фоне атакаў на расейскія НПЗ. Нешта падобнае было ў сакавіку летась, калі такія атакі сталі распаўсюджанымі. Аднак гэта спекулятыўныя разважанні, неяк пацвердзіць іх не магу, яны могуць аказацца памылковымі».
Яшчэ адна галіна, што магла паказаць рост у студзені, – вытворчасць калійных угнаенняў.
«Зноў жа мы бачым павелічэнне запасаў у Менскай вобласці. Я б не выключаў, што такі кароткачасовы рост выпуску ўгнаенняў і, адпаведна, запасаў, звязаны з абвешчаным у другой палове студзеня доўгім рамонтам на адным з рудаўпраўленняў „Беларуськалію“, які можа прывесці да пэўнага зніжэння вытворчасці ўгнаенняў агулам за год», – сказаў Харытончык.
Пры гэтым нашую прамысловасць можа чакаць даволі змрочная будучыня, калі рынак Расеі – галоўнага партнёра Беларусі – будзе паступова сціскацца пад націскам тамтэйшага Цэнтрабанку. Ён намагаецца астудзіць эканоміку і ўтаймаваць інфляцыю, а гэта пагражае змяншэннем попыту ў тым ліку на беларускія тавары. У такім выпадку «дынаміка і рост прамысловай вытворчасці ў Беларусі таксама будзе запавольвацца ва ўмовах абмежаваных магутнасцяў і дэфіцыту работнікаў», папярэдзіў аналітык.

Гуртавы гандаль ва ўмовах павелічэння складскіх запасаў «паказаў калянулявы рост» у параўнанні са снежнем, пры гэтым грузаабарот вырас на 0,9 %, калі адкінуць сезоннасць, аднак гэта не дазволіла кампенсаваць страты папярэдніх месяцаў:
,,«Агулам аб'ём грузаабароту заставаўся на дне, амаль 40 % ён не дацягваў да сярэдняга ўзроўню 2021 года. Такая дынаміка кажа пра тое, што з транзітам сітуацыя асабліва не змяняецца, там усё не вельмі добра, а ў грузавых перавозках, падобна, больш істотную ролю, чымся раней, адыгрываюць расейскія кампаніі».
IT-сфера працягнула ўзнаўленне, хаця і даволі стрымана, канстатаваў эканаміст цэнтру BEROC:
«Дадатковая вартасць вырасла на 7,1 % у студзені год да года, аднак, калі прыбраць уплыў сезоннага чынніку, то дадатковая вартасць у студзені нейкіх значных зменаў у параўнанні са снежнем не дэманстравала. Прастора для ўзнаўлення IT застаецца вельмі вялікаю. У студзені дадатковая вартасць галіны была на 12 % ніжэйшаю за студзень 2022 года».
У першым месяцы года беларусы крыху астудзілі спажывецкі імпэт: попыт хаця і заставаўся завысокім, але трохі знізіўся, калі не ўлічваць уплыў сезоннасці. «Аднак гэта адбылося пасля двух месяцаў паскоранага росту ў лістападзе – снежні і, імаверна, зніжэнне ў студзені мела такі карэкцыйны характар», – паразважаў Харытончык.
Ён звярнуў увагу, што і крэдытаў беларусы сталі браць меней, гэта можна растлумачыць падаражэннем пазыкаў, бо бяднейшымі людзі не сталі, а грошы панеслі ў банкі:
,,«Ашчадная актыўнасць насельніцтва даволі высокая. Доля прыбыткаў, што ішлі ў рублёвыя ўклады, у чацвёртым квартале была блізкаю да максімальных узроўняў за апошнія гады. У людзей дзякуючы заробкам, якія выраслі, і ўсё яшчэ даступным крэдытам стае рэсурсаў і для падтрымання высокага ўзроўню спажывання, і для павелічэння ашчаджэнняў».
,,«Заробкі працягнулі расці хутка, і ў студзені, нават калі прыбраць сезоннасць, нават паскорылі рост у параўнанні з папярэднімі месяцамі. Гэта ў рэальным выяўленні, з улікам інфляцыі. Таму пакуль казаць пра ўстойлівае ахаладжэнне спажывецкага попыту заўчасна».
Аб'ём інвестыцыяў у эканоміку ў студзені павялічыўся з параўнанні з снежнем, прычым збольшага ў прыватных кампаніях і фірмах з замежным капіталам. Пры гэтым, паводле ацэнак эксперта, «маштаб інвестыцыйнай актыўнасці не выглядае высокім і цяжка чакаць, што ён будзе спрыяць устойліваму павышэнню тэмпаў росту патэнцыялу беларускай эканомікі:
«Чакаю, што інвестыцыі летась будуць расці, таму што, каб хоць неяк падтрымоўваць канкурэнтныя пазіцыі і на ўнутраным рынку, і на вонкавым рынку, найперш – расейскім, усё-ткі патрабуецца павелічэнне прадукцыйнасці працы і пашырэнне вытворчых магутнасцяў, а гэта ўсё інвестыцыі. Тым не менш, рост інвестыцыяў будзе запавольвацца, бо ўмовы крэдытавання не стануць мякчэйшымі сёлета, хутчэй нават стануць больш жорсткімі».
Калі насельніцтва багата ўсяго купляе, як цяпер у Беларусі, то непазбежна расце імпарт. Напрыканцы мінулага года рэзка павялічыўся імпарт з краінаў па-за СНД. Харытончык звязаў гэта з істотным ростам утылізацыйнага збору: «Запасаліся аўтамабілямі».
Агулам вонкавы гандаль Беларусі цяпер не ў лепшым стане. Сальда – розніца паміж тым, што краіна прадала за мяжу і што купіла там – адмоўнае, сума дасягнула 4 % ад ВУПу:
«Норма для Беларусі – дэфіцыт у межах 0,5 % да прафіцыту ў 1 % ВУПу. Зараз гэтая норма заўважна перавышаная, і гэта наступства перагрэву ўнутранага попыту».

Урад працягвае штучна стрымліваць цэны, таму з інфляцыяй, як прызнаўся эканаміст, «нічога асаблівага не адбылося». У студзені год да года яна склала 5,2 %.
Нізкаму агульнаму паказніку паспрыяла нябазавая інфляцыя, тут ідзецца пра цэны і тарыфы, што рэгулююцца, і цэны на садавіну і гародніну. «Цэны нябазавых пазіцыяў нават крыху знізіліся ў студзені ў параўнанні з снежнем, калі прыбраць сезоннасць», – адзначыў Харытончык.
Пры гэтым базавая інфляцыя (усё, што не кантралюе ўрад) расце даволі шпарка:
«Драйверам інфляцыі застаюцца паслугі, што не рэгулююцца, цэны на якія ў студзені да снежня падняліся амаль на 12 % у ануалізаваным выглядзе. Рынкавыя бытавыя паслугі падаражэлі больш чым на 15 % у ануалізаваным выглядзе. Такая павышаная інфляцыя ў паслугах, што не рэгулююцца, – гэта адлюстраванне незбалансаванага стану эканомікі, перагрэтага рынку працы і ўнутранага попыту».
Аналітык сказаў, што пры захаванні цяперашняга рэгулявання цэнаў інфляцыя застанецца ў межах 5,5 %, аднак пры змякчэнні абмежаванняў рост паскорыцца да 6–8 %.
Сцяпан Кубік belsat.eu