Аб’яднаны пераходны кабінет, згодна з адпаведнай пастановай Святланы Ціханоўскай, узнагародзіў некалькіх асобаў медалямі.
Медалём «Няскораных» Ларысы Геніюш узнагародзілі былую палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк.
Медаль «За плённую працу на карысць Беларусі» уручылі брытанскаму архітэктару, аўтару праекту беларускай царквы ў Лондане Цзы Ўай Со, а таксама журналісту і перакладчыку Аляксандру Лукашуку.
Медалём «Гонар і годнасць» узнагародзілі краязнаўцу і грамадскага дзеяча Алеся Юркойця, а таксама – пасмяротна – Марыю Зайцаву, беларускую добраахвотніцу ў складзе Другога інтэрнацыянальнага легіёну Украіны, якая загінула ва Украіне.
Яшчэ два чалавекі атрымаюць узнагароды непублічна. Іх ушанавалі медалём Францыска Скарыны за высокія дасягненні ў дзейнасці і медалём Ларысы Геніюш за асабістую адвагу, стойкасць і ахвярнасць у дзейнасці на карысць прасоўвання ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
Урачыстую цырымонію ўручэння ўзнагародаў правядзе выканальнік абавязкаў прадстаўніка ў нацыянальным адраджэнні АПК Павел Баркоўскі.
Марыя Міхалевіч, belsat.eu