навіны

Толькі афіцыйна ў Польшчы працуюць амаль 135 тысячаў беларусаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Tiger Lily / Pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Колькасць афіцыйных работнікаў з Беларусі ў Польшчы павялічваецца, але тэмпы росту рэкордна запаволіся. Пра гэта сведчыць статыстыка.

Сталася вядома, колькі беларусаў афіцыйна працуе ў Польшчы. На канец 2024-га іх налічылі 134 900 чалавек (столькі было ахоплена пенсійным страхаваннем). І гэта на 5500 болей, чым год таму, паведамляе Упраўленне сацыяльнага страхавання Польшчы.


Нягледзячы на тое што колькасць афіцыйных работнікаў з Беларусі ў Польшчы павялічваецца, згаданы прырост у 2024-м – самы нізкі за апошнія восем гадоў.


Гэтак, у канцы 2020 года ў Польшчы легальна працавалі 50,6 тысячы грамадзянаў Беларусі. Праз год іх было ўжо 71,2 тысячы. У канцы 2022-га ў сістэме сацыяльнага страхавання было зарэгістравана ўжо 108,1 тысячы беларусаў. Рост працягваўся і ў 2023 годзе – на 21 300 чалавек.


Цяперашнія тэмпы працаўладкавання беларусаў у Польшчы тлумачаць і запаволеннем палітычнай эміграцыі, і ўзмацненнем строгасці візавай палітыкі.


Нагадаем, за 2024 год памежная служба Польшчы выявіла 10 689 замежнікаў, якія нелегальна працавалі ці займаліся гаспадарчай дзейнасцю ў краіне. Сярод выяўленых замежнікаў былі 902 беларусы. І гэта на 7 % болей, чым у 2023-м. Тады памежнікі выявілі 864 беларусаў, якія працавалі ў Польшчы нелегальна.


Часцей за ўсё на нелегальнай працы ў Польшчы ловяць грамадзянаў Украіны (4576 выпадкаў), Грузіі (1122) ды Калумбіі (1082). Прычым колькасць украінцаў у ценявой сферы занятасці за апошні год паменшала на 26 %, а вось колькасць калумбійцаў, злоўленых на тым жа, вырасла ў 5,3 раза.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10