За ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года мужа і жонку з Горадні прызналі вінаватымі, прысудзіўшы некалькі гадоў калоніі і «хатняй хіміі» адпаведна. Сям’я выхоўвае няпоўнагадовае дзіця.
Пра затрыманне Леаніда і Антаніны Церабей за ўдзел у пратэстах 2020 года стала вядома яшчэ ў чэрвені 2024 года. Вядома, што да суда Антаніна знаходзілася пад хатнім арыштам, бо ў пары ёсць няпоўнагадовае дзіця.
254лютага адбыўся суд. Сямейную пару абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі», «актыўным удзеле у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак», «распальванні іншай сацыяльнай варожасці», «паклёпе на Лукашэнку» і «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» – адразу па пяці крымінальных артыкулах. У выніку суддзя абласнога суда Гарадзенскай вобласці Мікалай Рычынскі прызначыў у якасці пакарання Леаніду Церабею тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму, а яго жонцы Антаніне – два гады «хатняй хіміі».
Тым часам Баранавіцкі суд 25 лютага пачааў разглядаць справу супраць чатырох чалавек. Як піша«Берасцейская вясна», ўсіх вінавацяць у грубым парушэнні парадку па крымінальным арт. 342 РБ.
Гэтым разам судзяцьь Барыса Хітрыка, Андрэя Есьмана, Юрыя Гладуна, Арцёма Касьяніка. Гэта ўжо дзявятая група жыхароў Баранавічаў, якую судзяць за ўдзел у пратэстах ў жніўні 2020 года ў Баранавічах. І ўсіх паводле арт. 342 КК РБ.
Нагадаем, палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца чатыры з паловай гады. Нядаўна генеральны пракурор Андрэй Швед, заявіў, што ў Беларусі станам на 15 студзеня «ўсе, хто мае дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, або ўжо асуджаныя, або ў адносінах да іх распачатыя крымінальныя справы, якія будуць разгледжаныя судамі». Але гэта наўрад ці азначае, што заўтра не будзе новых палітычных затрыманняў.
Пад «экстрэмістамі і тэрарыстамі» ён мае на ўвазе нязгодных з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі – і не хавае гэтага.
Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», на канец 2024 года было вядома пра 6550 асуджаных у палітычных крымінальных справах, толькі за мінулы год –1721 асуджаны. З рознымі відамі рэпрэсіяў (затрыманні, допыты, ператрусы) летась сутыкнуліся не менш за 8895 чалавек.
Надзея Вольная belsat.eu