навіны

Без падтрымання ЗША Украіна можа адчуць дэфіцыт зброі і боепрыпасаў ужо з лета

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Генштаб ЗСУ
podpis źródła zdjęcia

Неназваны памочнік Уладзіміра Зяленскага паведаміў «The Wall Street Journal», што праз поўнае спыненне амерыканскіх паставак Украіне давядзецца нарошчваць уласную вытворчасць і ўсё больш спадзявацца на еўрапейскія краіны.

У выпадку, калі вайсковая дапамога ЗША спыніцца, Украіна можа пачаць адчуваць дэфіцыт зброі і боепрыпасаў ужо з лета 2025-га. Да таго часу яшчэ будзе хапаць буйных паставак зброі і боепрыпасаў, адпраўленых або замоўленых у канцы тэрміну адміністрацыі Джо Байдэна. У далейшым давядзецца эканомна расходаваць запас, расцягваць яго на даўжэйшы час, піша «The Wall Street Journal» са спасылкаю на неназванага памочніка ўкраінскага прэзідэнта.


Паводле яго, поўнае спыненне амерыканскіх паставак – «гэта найгоршы сцэнар». У гэтым выпадку Украіне давядзецца нарошчваць уласную вытворчасць і ўсё больш спадзявацца на пастаўкі з еўрапейскіх краінаў. І Еўропа «рыхтуецца папоўніць недахоп».


Толькі за 2024 год краіны ЕЗ, Вялікая Брытанія і Нарвегія агулам паставілі Украіне зброі і боепрыпасаў на 25 млрд долараў. Гэта нават болей, чым у тым жа годзе паставілі Злучаныя Штаты. Акрамя таго, Еўропа абмяркоўвае павелічэнне дапамогі да $ 30 млрд у год і нарошчвае вытворчасць артылерыйскіх снарадаў.


Аднак праблема ў тым, што некаторыя сістэмы ў кароткатэрміновай перспектыве папоўніць немагчыма, бо ў Еўропе яны вырабляюцца ў недастатковай колькасці, а тыя ж зенітна-ракетныя комплексы «Patriot» увогуле не вырабляюцца.

Нагадаем, кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен назвала вайну ва Украіне самым галоўным і сур'ёзным крызісам для будучыні Еўропы. Пры гэтым адзначыла, што на цяперашні момант немагчыма зняць санкцыі з Расеі, бо яны моцна ўплываюць на расейскую эканоміку. Да таго ж, з боку РФ няма канкрэтных крокаў, што сведчылі б пра яе імкненне да міру.


Вядома, што падчас візіту ў Кіеў лідары Еўразвязу і шэрагу краінаў паведамілі, што вылучаць Украіне новыя пакеты дапамогі. Ужо ў сакавіку Еўразвяз перадасць 3,5 млрд еўраў. Гэта будзе крэдыт, які пагасяць за кошт замарожаных расейскіх грошай. Дапамогу на 5 млрд долараў паабяцаў Кіеву і прэм'ер-міністр Канады Жустэн Трудо.


Тым часам Доналд Трамп патрабуе ад Украіны падпісаць угоду пра доступ ЗША да здабывання рэдказямельных металаў, атакуе прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ды паўтарае расейскія наратывы: «Украіна вінаватая ў пачатку вайны».


У Крамлі цешацца такім паваротам амерыканскай палітыкі, але не да канца разумеюць перамоўнай стратэгіі Трампа, баяцца магчымых пастак і нечаканых паваротаў. Амерыканская палітыка выклікае глыбокую занепакоенасць у Еўропе, ды пакуль Еўропа не прапанавала новага самастойнага плану абароны і дапамогі Украіне.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10