«Белсат» працягвае весці хроніку рэпрэсіяў, што не сціхаюць у Беларусі. Сёння прыводзім статыстыку затрыманняў у краіне за студзень, а таксама ў дзень трэцяй гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну далучаем некаторыя лічбы затрыманых за антываенную пазіцыю.
24 лютага ў судзе Партызанскага раёну Менску распачаўся працэс над 24-гадовым Дзмітрыем Хамельянскім, былым работнікам «EPAM», якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК). Хамельянскі скончыў Менскі радыётэхнічны каледж і БДУІР, працаваў у «ТКП-Софт», «EPAM» і з 2023 года – у групе кампаніяў «Tinkoff».
24 лютага ў Берасцейскім абласным судзе распачаўся працэс над 36-гадовым Максімам Солапам, інжынерам Берасцейскага інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Беларускай чыгункі, якога абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Суд вядзе суддзя Кацярына Груда.
Сёння сталася вядома пра затрыманне ксяндза Дзмітрыя Мальца, вікарыя парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Нагодаю для затрымання паслужылі нібыта падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. 24 лютага адбылося судовае пасяджэнне, на якім разглядалася справа ксяндза паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). У 2023 годзе, калі святар служыў у Наваградку, яго хацелі забраць у армію. Вядома, што ў касцёле нават адслужылі развітальную імшу, аднак пасля розгаласу ў медыях прызыў адмянілі.
7 сакавіка адбудзецца суд над журналісткаю Палінаю Піткевіч. Працэс пройдзе ў Менскім гарадскім судзе. Піткевіч абвінавачваюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» згодна з ч. 3 арт. 361-1 КК. Паліна скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Яна захаплялася тэатрам, а таксама вядомая сваёй любоўю да жывёлаў. Праект «Media IQ», да якога яна мела дачыненне, быў абвешчаны «экстрэмісцкім» у чэрвені 2024 года КДБ Беларусі.
Сталася вядома, што ў Беларусі абвясцілі ў вышук журналістку Алену Прыходзьку. Выява жанчыны з'явілася на стэндах «Іх шукае міліцыя». Прыходзьку абвінавачваюць у «стварэнні ці ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Яна была старшынёю камісіі ў выбарах у Каардынацыйную раду.
У студзені праваабаронцы адзначылі працяг выкарыстання ўладамі крымінальных захадаў для палітычнага пераследу грамадзянаў. Згодна з падлікамі, былі рэпрэсаваныя не менш за 89 чалавек (65 мужчынаў і 24 жанчыны), 42 з якіх асудзілі ў Менску, а 62 % асуджаных абвінавачваліся паводле артыкулу 342 КК. Судовая сістэма і далей рэпрэсуе сем'і і групы сваякоў, павялічваецца колькасць паўторных асуджэнняў. Аднаго чалавека асудзілі ў парадку працэдуры спецвядзення.
Адбылося чарговае папаўненне Спісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Гэтым разам у яго трапілі тэлеграм-каналы і чаты «Божа Справа», «by Zluki Bobry/Злюки Бобри», «Viejšnoryja Today», «Компромат 2.0 :: Мы решаем, что является компроматом», «Ліхтар», «РУБпАК Sky Lords», «NAZI GERMAN CONFESSION»; старонка ў «Вконтакте» «Achowa / وَحَُا»; старонка ў «Facebook» «Stop_zagon»; старонка ў «Аднакласніках» «иван лебедев» і старонка ў «Х» «Macsim».
Паводле падлікаў «dissidentby», найменей 287 чалавек трапілі пад крымінальны палітычны пераслед за праяву антываеннай пазіцыі. З іх 127 чалавек у зняволенні на сённяшні дзень. Сярод затрыманых – 25 чалавек, якія маюць украінскае грамадзянства, 14 з іх дагэтуль застаюцца за кратамі. Таксама вядома, што сярод тых, хто зазнаў пераслед, – 51 жанчына.
Раман Шавель belsat.eu