навіны

Калі зменяць палітыку, ёсць сэнс у сустрэчах – Латушка пра паездку Рыжанкова ў Жэневу

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таблічка «Беларусь» бачная падчас адкрыцця 45-й сесіі Рады правоў чалавека ў Еўрапейскай штаб-кватэры ААН у Жэневе, Швейцарыя. 14 верасня 2020 года. Фота: Martial Trezzini / Pool / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Дэлегацыя МЗС Беларусі разам з кіраўніком ведамства Максімам Рыжанковым адправілася на 58-ую сесію Рады ААН у справе правоў чалавека (UNHRC), што праходзіць у Жэневе 24–26 лютага. Намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце, кіраўнік НАУ Павел Латушка падзяліўся з «Белсатам» думкамі, ці азначае гэта выхад менскіх уладаў з ізаляцыі і ці можа Рыжанкоў дамагчыся скасавання санкцыяў.

Беларуская дэлегацыя адправілася ў Жэневу з грунтоўнымі пасыламі. Як адзначыла прэс-служба МЗС, «асаблівую ўвагу мяркуецца надаць пытанням незаконнага выкарыстання асобнымі краінамі аднабаковых прымусовых захадаў [санкцыяў – Заўв. рэд.], што парушаюць Статут ААН і правы чалавека».


Падчас першага дня сесіі Максім Рыжанкоў заявіў, што на Беларусь навесілі «мільён цэтлікаў у галіне правоў чалавека» і гэта ў «калектыўнага Захаду» праблемы – нібыта людзі там не спадзяюцца палепшыць свае справы праз выбары, а сітуацыя з палітычнымі свабодамі і правамі СМІ не ўзорная. Ён таксама прапанаваў правесці глабальнае пераладаванне ў сферы правоў чалавека і ўлічыць «разнастайнасць палітычных сістэмаў, шляхоў развіцця і культурных традыцыяў».


«Няхай растлумачыць, ці бароніць правы дачкі ягонай жонкі»


Кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў выступае на 58-й сесіі Рады ААН у справе правоў чалавека ў Жэневе, Швейцарыя. 24 лютага 2025 года. Фота: mfa.gov.by
Кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў выступае на 58-й сесіі Рады ААН у справе правоў чалавека ў Жэневе, Швейцарыя. 24 лютага 2025 года. Фота: mfa.gov.by

Павел Латушка не лічыць, што запрашэнне Максіма Рыжанкова ў Жэневу – гэта прарыў у дыпламатычнай ізаляцыі менскага рэжыму.


«Гэта хутчэй выкарыстанне шчылінаў, якія заўсёды выкарыстоўвала беларуская дыпламатыя – удзел у міжнародных арганізацыях, генеральных асамблеях. Гэта заўсёды выкарыстоўвалася дзеля таго, каб прайсці міма персанальных санкцыяў, а мы ведаем, што ў дачыненні Рыжанкова дзейнічаюць персанальныя санкцыі ЕЗ, да якіх далучылася і Швейцарыя. Фактычна як шалудзівы кот, Рыжанкоў паспрабаваў трапіць у Жэневу», – кажа Павел Латушка.


А наконт шматлікіх пытанняў Рыжанкова да Захаду палітык адзначае, што сам задаў бы яму багата пытанняў.


«Я ў адказ хацеў бы спытаць, чаму, напрыклад, Беларусь выйшла з факультатыўнага пратаколу да пакту “Аб грамадзянскіх і палітычных правах”? Калі камітэт правоў чалавека раней мог рабіць высновы наконт сітуацыі ў Беларусі, напрыклад, былі высновы наконт судовага працэсу, звязанага з тэрактам у менскім метро. Там было адзначана, што не былі выкананыя ўсе стандарты судовага працэсу.

,,

Я хацеў бы спытацца ў Рыжанкова, як ён гатовы растлумачыць, ці бароніць правы дачкі ягонай жонкі [таксама дачкі Паўла Латушкі – Яны Латушкі. Былая жонка Латушкі цяпер замужам за Рыжанковым. Яна Латушка палітычна пераследуецца ў Беларусі. – Заўв. рэд.], калі ў дачыненні яе заведзеная крымінальная справа. І яе не інфармуюць пра тое, як ідзе гэтая крымінальная справа, не даюць абаронцы. У дачкі ягонай жонкі адбываецца канфіскацыя маёмасці. Як міністр замежных справаў Лукашэнкі гатовы растлумачыць гэта партнёрам?», – кажа Павел Латушка.


Што да абвінавачанняў у выкарыстанні заходнімі краінамі аднабаковых санкцыяў, то Латушка нагадвае, што лукашэнкаўскія ўлады ўводзяць контрсанкцыі.


«Гэта таксама аднабаковы інструмент санкцыяў у дачыненні іншых краінаў. Гэта ж усё крывадушнасць. Яны будуць абскарджваць еўрапейцаў за выкарыстанне санкцыяў, а самі абсалютна робяць такія ж крокі. Няхай не робяць іх, тады ў іх будзе пазіцыя ясная і зразумелая», – працягвае палітык.


Хочаце зняць санкцыі – змяніце сітуацыю ў краіне


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Білборд з афіцэрамі арміі Беларусі з аўтаматамі ў руках у Менску, Беларусь. 26 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Білборд з афіцэрамі арміі Беларусі з аўтаматамі ў руках у Менску, Беларусь. 26 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images

Павел Латушка лічыць, што візіт Максіма Рыжанкова ў Еўропу не прынясе выгадаў ягонаму начальству, в тым ліку ў пытанні санкцыяў.


«Думаю, што Рыжанкоў будзе прыбягаць да інструменту міжнародных арганізацыяў. Можа, і ў Парыж прыедзе. Бо там ёсць ЮНЭСКО, у Вене – аддзяленне ААН. Пытанне, што ён прапануе. Калі ён кажа, што ў нас усё добра, усе правы выконваюцца і мы палітыку мяняць не будзем – навошта з ім сустракацца? Калі яны гатовыя [менскія ўлады. – Заўв. рэд.] мяняць палітыку, а лепш, калі зменяць, ёсць сэнс у такіх сустрэчах.

Чытайце таксама:
Дар’я Рыжанкова на спартовых спаборніцтвах у гонар ейнага бацькі Уладзіміра Рыжанкова ў Менску. Фота: belarus.basketball

«Наш агульны "русский мир"». Сястра кіраўніка МЗС Беларусі жыве ў Францыі, але цікавіцца дзяржкіраваннем СНД

Пакуль мы не бачым ніякіх прыкметаў таго, што рэжым Лукашэнкі і яго прадстаўнік, міністр замежных справаў, гатовыя мяняць палітыку. Затрыманні адбываюцца, суды адбываюцца, колькасць палітычных зняволеных велічэзная», – кажа Павел Латушка.


На ягоную думку, 16-ы санкцыйны пакет, які Еўразвяз увёў 24 лютага 2025 года супраць Беларусі і Расеі, яшчэ раз дае сігнал Лукашэнку – трэба мяняць палітыку.


Сярод іншых, пад санкцыі трапіў буйны беларускі вытворца паўправаднікоў і мікрасхемаў – ААТ «Інтэграл». Але самае важнае – гэта гарманізацыя санкцыяў, кажа Павел Латушка.


«Мы дамагаліся гэтага, апелявалі да партнёраў яшчэ з сакавіка 2022 года. Гэта цяжкая праца. У мінулым годзе летам быў санкцыйны пакет, што гарманізаваў, як казалі літоўскія партнёры, на 60 % санкцыі ў дачыненні Расеі і рэжыму Лукашэнкі. Цяпер гэта чарговы крок.


Другое – гэта пытанне транзіту тавараў. Беларусь ёсць краінай, якая выкарыстоўваецца ў вайне ва інтарэсах Расеі. Бо шмат тавараў афармляецца нібы ў Казахстан і Узбекістан, едуць праз тэрыторыю Беларусі, застаюцца на тэрыторыі Беларусі. З гэтых тавараў потым робіцца, напрыклад, тым жа "Інтэгралам", нейкая прадукцыя, што пастаўляецца Расеі. Пазней гэтыя ракеты забіваюць украінскіх дзяцей. Вось гэты транзіт будзе абмежаваны», – падсумоўвае палітык.


Таксама санкцыйны пакет уводзіць другасныя санкцыі за дапамогу банкам абыходзіць абмежаванні.


Віталь Бабін, Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10