Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам у трэцюю гадавіну з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Беларуская дэмакратычная лідарка адзначыла, што гаварыць пра вайну цяжка, бо здаецца, што ўжо сказана ўсё.
«З самага дзяцінства нас вучаць, што вайна – гэта трагедыя і няма нічога, што можа апраўдаць жорсткае кровапраліцце, зруйнаваныя гарады і бясконцыя смерці. У школах і ўніверсітэтах нам распавядаюць пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Як жа атрымалася, што ўжо тры гады працягваецца поўнамаштабная вайна ва Украіне?» – гаворыцца ў паведамленні.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што Расея не прызнае самога факту вайны і замоўчвае яе наступствы: смерці больш чым 600 дзяцей і сотняў дарослых. Замест праўды расейская прапаганда распаўсюджвае міфы пра «подзвігі» і «стабільнасць». Але рэальнасць іншая – вайна ідзе, яе жахі толькі павялічваюцца.
,,«Але давайце паглядзім праўдзе ў вочы. Раней мы думалі: «абы не было вайны». Тым не менш яна ўжо ідзе – і Расея з кожным днём памнажае яе жахі. Мы можам не заўважаць бамбаванняў жылых дамоў, ігнараваць гвалт у Бучы і Ірпіні, пазбягаць навінаў, спрабаваць жыць, як звычайна, і абстрагавацца ад рэчаіснасці. Але людзі не перастануць паміраць», – кажа Ціханоўская.
Беларуская дэмакратычная лідарка адзначыла, што Расея цісне на Беларусь, робячы яе хаўрусніцай вайны, але беларусы не жадаюць такога партнёрства. Яна падкрэсліла, што беларусы – самадастатковая нацыя, якая выступае супраць вайны і імкнецца жыць у міры ды свабодзе.
«Таму я звяртаюся да вас з заклікам: не дайце шанцу «расейскаму міру» прарасці ў вас. Не верце ніводнаму слову пра «неабходныя страты» і «дэнацыфікацыю». Цяпер, калі на гарызонце віднеецца магчымасць перамоваў, мы ўсе спадзяёмся, што хутка ва Украіне настане мір. Але важна памятаць, хто развязаў гэтую вайну і на кім ляжыць адказнасць за сотні тысяч бессэнсоўных смерцяў», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Нагадаем, што расейскія выданні «Медуза» і «Медиазона» падлічылі, што за тры гады вайны ва Украіне загінулі 160 тысячаў расейцаў. Гэты лік журналісты атрымалі, прааналізаваўшы даступныя дакументы. Афіцыйна колькасць ахвяраў не раскрываецца.
Раман Шавель belsat.eu