Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк у праграме «Жыццё-маліна» распавяла, што беларускія зняволеныя фактычна ператвораныя ў рабоў, якія працуюць на патрэбы расейскай ваеннай машыны. Паводле яе слоў, рэжыму выгадна павялічваць колькасць асуджаных, бо яны становяцца бясплатнай працоўнай сілай.
«Фактычна гэты акупацыйны рэжым зрабіў з беларускіх зняволеных такую дармовую рабсілу. Ёсць камерцыйная зацікаўленасць рэжыму, каб у Беларусі было як мага больш крымінальнікаў. Крымінальнік – гэта раўно дармовая сіла», – кажа Паліна Шарэнда-Панасюк.
Асабліва гэта датычыцца жанчын у калоніях, якія займаюцца масавым пашывам амуніцыі для расейскіх войскаў. Паводле словаў Паліны Шарэнды-Панасюк, на адмысловай фабрыцы (Дзяржаўнае прадпрыемства «№4») зняволеныя абшываюць на заказ расейскую армію, і аб’ёмы паставак вымяраюцца сотнямі тысяч адзінак.
,,«Беларускія зняволеныя ператвораныя ў рабоў ваенна-прамысловага комплекса Расеі. Бо на той фабрыцы, гэта РУП-4 называецца афіцыйна, цалкам абшываецца расейская агрэсія ва Украіне. Шыюцца вайсковыя строі, насілкі, заплечнікі, камуфляжныя сеткі, патранташы. І гэта не сто, не дзвесце камплектаў. Лік ідзе на сотні тысячаў паставак гэтай формы ў Расею», – адзначае былая палітзняволеная.
Сапраўды, Дзяржаўнае прадпрыемства «№4» адзначае на сваім сайце, што займаецца пашывам форменнага адзення: для супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ, для супрацоўнікаў міліцыі РБ, для супрацоўнікаў «іншых сілавых структур і ведамстваў».
Шарэнда-Панасюк адзначае, што тканіна для формы паступае з Масквы, а некаторыя мадэлі распрацоўваюцца ў расейскіх лабараторыях. Напрыклад, зняволеныя шылі так званы «касцюм баявы з інтэграванай абаронай локцяў і каленяў» з камплектаў БКСА. Частку камплектуючых, такіх як налакотнікі і накаленнікі, пастаўляла беларуская фірма «Antynea», офіс якой знаходзіцца ў Менску.
На сайце кампаніі «Antynea» пазначана, што яна займаецца вытворчасцю вырабаў з паралону для прадпрыемстваў швейнай, гарсэтнай і абутковай галін лёгкай прамысловасці (сярод іх плечавыя накладкі, гарсэтныя чашкі і інш.). У апошнія гады, напісана на сайце, да асартыменту дабавілася сыравіна і камплектуючыя для мэблевай і аўтамабільнай прамысловасці. Пра ваенныя заказы на ім нічога не паведамляецца.
Як адзначае Паліна Шарэнда-Панасюк, аплата працы зняволеных мізэрная: за месяц яны атрымліваюць ад 5 да 10 рублёў, у некаторых выпадках – яшчэ менш.
«То бок Расеі выгадна шыць, таму што шыюць бясплатна фактычна. Таму што калі такі строй каштуе ад 700 да 1000 беларускіх рублёў, то жанчыны шыюць гэта, атрымліваючы за шыццё па пяць-дзесяць рублёў у месяц. Былі, канечне, заробкі і ў 2 рублі, у 70 капеек. Гэта пры тым, што акрамя прымусовых васьмі гадзін працы задаюцца такія нормы вырабаткі, якія чалавек проста не ў стане вырабіць за гэтыя восем гадзін, і таму дабраахвотна-прымусова жанчын вымушаюць хадзіць у гэтак званыя разнарадкі. Тады працоўны дзень можа павялічыцца да 12-16 гадзінаў. І часцяком практыкуецца працаваць у нядзелі. То бок чалавек нон-стоп шые, шые і шые. Проста на мяжы фізічных сіл, слепне, глухне і за ўсё гэта ён атрымлівае капейкі», – адзначае былая палітзняволеная.
Такім чынам, беларуская пенітэнцыярная сістэма ператвораная ў інструмент для падтрымкі расейскай агрэсіі ва Украіне, а зняволеныя – у бясплатную рабочую сілу, якая працуе на знос.
Нагадаем, Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021-га. Яе пакаралі спачатку двума гадамі пазбаўлення волі нібыта за гвалт у дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў (арт. 364 КК ), знявагу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), знявагу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368 КК). Пасля актывістку яшчэ некалькі разоў каралі нібыта за зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК).
За час несправядлівага ўтрымання за кратамі ў Шарэнды-Панасюк сур’ёзна пагоршыўся стан здароўя, з’явіўся хранічны панкрэатыт. Пра ейнае вызваленне з-за кратаў пасля чатырох тэрмінаў стала вядома 1 лютага 2025 года. Яе пратрымалі ў няволі 4 гады і 1 месяц. Пасля вызвалення і прыезду ў Вільню былая палітзняволеная сказала, што дэзавуюе падпісаныя паперы пра супрацу з сілавікамі, якія яе змусілі падпісаць.
Раман Шавель belsat.eu