Краінам Еўразвязу неабходна набраць яшчэ 300 тысячаў салдат і павялічыць абаронны бюджэт на 250 мільярдаў еўраў штогод, каб супрацьстаяць Расеі без падтрымкі ЗША ў выпадку вайны. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, праведзеным інстытутамі Bruegel і Кільскім інстытуце сусветнай эканомікі (IfW).
Паводле даследавання, Еўропа павінна значна павялічыць колькасць сваіх узброеных сіл і фінансаванне абароны, каб гарантаваць бяспеку ў выпадку зніжэння падтрымкі з боку Злучаных Штатаў. Для гэтых мэтаў Еўразвязу спатрэбілася б каля 250 мільярдаў еўраў дадатковых ваенных расходаў, паведамляе «BILD» са спасылкай на аўтараў даследавання.
Адначасова, адзначаецца ў дакладзе, Расея працягвае пашыраць свае ўзброеныя сілы. Сааўтар даследавання Гунтрам Вольф з IfW падкрэслівае, што «на працягу трох-дзесяці гадоў Расея можа набыць дастатковую ваенную моц, каб пагражаць краінам ЕЗ». Гэтая сітуацыя падштурхоўвае еўрапейскія дзяржавы да актыўных дыскусій пра стварэнне ўласнай абароннай сістэмы.
Нагадаем, што ў пачатку лютага 2025 года дацкая разведка апублікавала даклад, паводле якога цягам трох – пяці гадоў магчымая маштабная вайна паміж Еўропай і Расеяй. Гэта можа адбыцца ў тым выпадку, калі NATO не будзе нарошчваць ваенны патэнцыял.
Дацкая разведка мяркуе, што Расея з большай верагоднасцю выкарыстае ваенную сілу супраць адной або некалькіх еўрапейскіх краін NATO, калі палічыць Альянс ваенна слабым або палітычна падзеленым. Асаблівая рызыка ўзнікне, калі Масква будзе лічыць, што ЗША не змогуць ці не захочуць аказаць ваенную падтрымку Еўропе ў выпадку канфлікту.
Нагадаем, што на мінулым тыдні міністр абароны Злучаных Штатаў Піт Хэгсет зрабіў заяву, што хаўруснікі па NATO не могуць разлічваць, што ЗША будуць прысутнічаць у Еўропе вечна.
19 лютага прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заверыў еўрапейскіх партнёраў, што не мае намеру выводзіць амерыканскі ваенны кантынгент, размешчаны ў еўрапейскіх краінах.
Раман Шавель belsat.eu