Выведка Украіны паведамляе пра падрыхтоўку Расеі да абвяшчэння перамогі над Украінай і НАТО 24 лютага 2025 года, у трэцюю гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны.
Паводле дадзеных украінскай ваеннай выведкі, Крэмль актывізаваў кампанію па распаўсюдзе дэзынфармацыі з мэтай дыскрэдытацыі Украіны і стварэння рознагалоссяў сярод яе саюзнікаў.
Распаўсюджваецца тэзісы аб тым, што Захад «здрадзіў» Украіне, ЗША цяпер не ўлічваюць меркаванні Еўропы і Кіеву, Расея і ЗША пра ўсё дамовіліся за спіной Украіны, украінскае кіраўніцтва нелегітымнае, карупцыянеры ва Украіне раскрадаюць дапамогу ад ЗША, украінская армія прайграе на фронце.
,,«У Расеі рыхтуюцца абвесціць пра нібыта «перамогу» у вайне супраць Украіны да «круглай даты» – 24 лютага 2025 года, трэцяй гадавіны ад пачатку поўнамаштабнай вайны. Больш за тое, ва ўказаных планах можа гучаць таксама і «перамога Расеі над НАТО», бо цягам доўгага часу маскоўская прапаганда апісвала вайну супраць Украіны як вайну з Альянсам», – гаворыцца ў заяве ГУР Украіны.
Крэмль даў загад актывізаваць спробы пасеяць расчараванне і апатыю сярод украінцаў, дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне і дыскрэдытаваць Украіну ў вачах партнёраў, а для інфармацыйных атакаў выкарыстоўваць перамовы ЗША і Расеі ў Саудаўскай Аравіі, сцвярджае выведка Украіны.
Марыя Міхалевіч belsat.eu