Паўднёвакарэйская газета «Chosun» на дамоўленасць з украінскімі ўладамі паразмаўляла з двума палоннымі байцамі Сілаў спецыяльных аперацыяў Карэйскай народнай арміі Ры і Бэкам, якія ваявалі на баку Расеі. Яны трапілі ў палон да ўкраінскіх вайскоўцаў у студзені 2025 года.
Карэйцам казалі, што яны едуць на вучэнні
Карэйскія жаўнеры цяпер утрымліваюцца ў адзіночных камерах у лагеры для ваеннапалонных пад Кіевам. 26-гадовы Ры – снайпер-выведнік, нарадзіўся ў Пхеньяне. У паўночнакарэйскай арміі праслужыў амаль 10 гадоў, з 2015 года. Гаворыць, што ўвесь гэты час ні разу не бачыў сваіх бацькоў.
21-гадовы Бэк – стралок, у армію прыйшоў ва ўзросце 17 гадоў. Абодва кажуць, што служылі ў Галоўным выведвальным упраўленні паўночнакарэйскай арміі.
Ры распавёў, што паўночнакарэйскае Міністэрства дзяржаўнай бяспекі казала яму, што ў Расею ён паедзе на мяжу на вучэнні, а таксама што ўсе аператары ўкраінскіх ваенных дронаў – салдаты з Паўднёвай Карэі.
Ры трапіў у Расею ў кастрычніку 2024 года, Бэк – у лістападзе. У Курскай вобласці Ры апынуўся ў сярэдзіне снежня ў складзе групы з прыкладна 2500 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.
У палон абодвух жаўнераў узялі 9 студзеня. Ры быў цяжка паранены ў руку і ніжнюю сківіцу. Ён цяпер моцна турбуецца за сваіх хворых бацькоў, бо лічыць, што яны будуць вымушаныя з’ехаць са сталіцы, калі ўлады даведаюцца пра тое, што ён у палоне.
Упершыню ў жыцці ўбачылі праграму для перакладу
Ры сумняецца ў баяздольнасці свайго падраздзялення, кажа, што калі быў снайперам, займаўся будаўнічымі працамі ў горадзе Самджыён, з якога цяпер у Паўночнай Карэі ствараюць турыстычны цэнтр. Працаваць даводзілася ў жахлівых умовах – на жудасным холадзе, у снезе.
,,«Нам даводзілася будаваць баракі, адначасова адкалываць замерзлую зямлю кіркамі. Было так халодна, што мача замярзала як толькі дакраналася да зямлі», – распавядае салдат.
У Расеі карэйцы спачатку трэнаваліся ва Уладзівастоку. Абодва кажуць, што ў іх было мала кантактаў з расейцамі, а калі трэба было, яны камунікавалі праз праграму для перакладу на смартфонах, якую ўбачылі ўпершыню ў сваім жыцці.
Вучэнні ва Уладзівастоку, паводле карэйцаў, былі не толькі на фізічную трываласць, але і ідэалагічнымі.
«Горныя маршы, стральба… Усё гэта трымалася на чыстай сіле волі. Кінуць вучобу лічылася ганьбаю, таму мы трэнаваліся так, нібы ад гэтага залежала нашае жыццё», – распавядаў Ры.
У бой малады чалавек, паводле ягоных словаў, уступіў 5 студзеня.
«Першая хваля войскаў зазнала цяжкія страты праз удары беспілотнікаў і артылерыйскі агонь. Мы спадзяваліся на падтрыманне расейскай артылерыі, але яны стралялі ў тыл праціўніка замест таго, каб прыкрываць нас. Вынікам сталіся непатрэбныя ахвяры. Нашая рота пайшла ў лабавую атаку, але мы трапілі ў засаду – нас заўважылі беспілотнікі», – распавядае карэец.
Мары пра Паўднёвую Карэю і палітычны прытулак
Ры адзіны выжыў тады са свайго аддзялення – астатнія шэсць жаўнераў загінулі.
,,«Нам казалі, што мы едзем на вучэнні. <…> Я адзіны, хто застаўся. Гэта быў мой першы досвед сапраўднага бою. Калі я ўбачыў целы таварышаў, у маёй галаве пранеслася мноства думак. Некаторыя салдаты ўзарвалі сябе», – распавёў жаўнер.
Калі Ры трапіў у рукі ЗСУ, у яго не было пры сабе ніякай зброі, інакш бы ён забіў сябе, бо траплянне ў палон у Паўночнай Карэі лічыцца здрадаю. Цяпер Ры марыць паехаць у Паўднёвую Карэю і там прасіць палітычны прытулак.
Бэк таксама быў паранены перад трапляннем у палон – у яго была раздробленая левая галёначная костка. Маладзён таксама распавёў, што перад адпраўленнем у Расею яму казалі, што ён едзе на навучанне.
«Chosun» заўважае, што ў Бэка, калі ён трапіў у палон, былі перавязаныя рукі, але не праз траўму, а каб салдат не мог сабе нічога зрабіць. Бэк хацеў бы вярнуцца ў Паўночную Карэю.
Пра захоп першага байца з Паўночнай Карэі Украіна паведаміла 26 снежня 2024 года.
Звесткі пра рыхтаванне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў да ўдзелу ў вайне супраць Украіны з’явіліся ў кастрычніку 2024 года. Тады вялося пра тое, што КНДР скіравала блізу 11 тысячаў чалавек, з якіх 2,6 тысячы мусілі адправіцца ў Курскую вобласць.
У сярэдзіне снежня Уладзімір Зяленскі заявіў, што расейскае камандаванне пачало выкарыстоўваць паўночнакарэйскіх жаўнераў у баявых дзеяннях падчас штурмаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu