Уладзімір Зяленскі звяртае ўвагу заходніх палітыкаў на расейскія планы размясціць вялікую групоўку войскаў у Беларусі. Частка гэтых сілаў можа застацца на беларускай зямлі. Украінцы падымуць пытанне Беларусі падчас мірных перамоваў. Як могуць развівацца падзеі ў 2025 годзе? Пра гэта – размова Сяргея Пелясы з Вадзімам Кабанчуком, прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы, былым намеснікам камандзіра палка Кастуся Каліноўскага. Размову запісалі ў падчас Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы.
Сяргей Пеляса: Якія галоўныя праблемы ў гэтай сферы табе бачацца з перспектывы таго, што мы размаўляем падчас Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы?
Вадзім Кабанчук: Нам, беларусам, вельмі важна, каб Беларусь была ўпісаная ў архітэктуру бяспекі Усходняй Еўропы. Мы не можам дапусціць сітуацыі, што на мапе Еўропы будзе чорная пляма. Фактычна гэта будзе азначаць, што мы пад уплывам Расейскай Федэрацыі. Думаю, усе нашыя суседзі ўяўляюць важнасць беларускага пытання і праблемы. Найперш гэта датычыць Украіны, якая ўжо адчула на сабе, што такое здрада з боку афіцыйнага Менску, калі ў 2022 годзе пайшлі калоны на Украіну. Безумоўна, беларуская дэлегацыя на канферэнцыі ўздымала і будзе ўздымаць і далей пытанне Беларусі. Каб яно было ў павестцы, гучала. Я бачу станоўчыя рэакцыі. Самае галоўнае, што нашыя саюзнікі, украінцы разумеюць важнасць Беларусі ў сістэме бяспекі і будуць уздымаць гэтае пытанне ў тым ліку на магчымых перамовах пра заканчэнне вайны.
– Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перад канферэнцыяй у Мюнхене зрабіў сенсацыйную заяву, што расейцы плануюць размясціць у Беларусі вялікую групоўку войскаў. Гаворка пра 15 дывізіяў, колькасна ад 100 да 150 тысяч вайскоўцаў. Прэзідэнт Украіны зазначыў, што, можа, не ўся гэтая групоўка будзе на тэрыторыі Беларусі, але на беларускім кірунку яна рыхтуецца. І што ён будзе размаўляць пра гэта з Доналдам Трампам. Фактычна Уладзімір Зяленскі падняў праблему паўзучай акупацыі нашай дзяржавы Расеяй. Як ты ўспрымаеш заяву Зяленскага? Наколькі для нас важна, што менавіта ён заявіў пра нашую праблему?
– Нагадаю, што мінулыя вучэнні фармату «Захад» налічвалі каля 220 тысяч удзельнікаў. Яны праводзіліся на вялікім перыметры ў тым ліку і ў Беларусі. Таму цалкам не выключана, што гэтую лічбу, якую назваў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, ён мае ад сваіх службаў і выведкі. Для Украіны сёння ёсць гарачы фронт, 1200–1300 кіламетраў, і ёсць фронт не ў актыўнай фазе, гэта ўкраінска-беларуская мяжа, якая была ў 2022 годзе. І яна адцягвае значныя сілы ўкраінскай арміі, патрэбныя Украіне для барацьбы на ўсходзе супраць расейцаў. Для Украіны праблема Беларусі будзе існаваць да часу, пакуль існуе пагроза рэгіянальнага блакавання беларускага і расейскага мілітарнага складніку. Вайскоўцы Украіны і не толькі разглядаюць беларускую армію як прыдатак расейскай. Яны ўпэўненыя, што там адбываецца поўная каардынацыя дзеянняў. Тут мусім падзяляць, што ёсць каштоўнаснаю палітычнаю пазіцыяй Украіны, якая сведчыць, што яны саюзнікі для нас у адбудове дэмакратыі ў Беларусі, а ёсць яшчэ вайсковы бок – вельмі прагматычны, які Украіне рана ці позна трэба будзе развязаць, бо складана існаваць дзяржаве ў сталым напружанні з поўначы. Нам важна, што ўкраінцы ўздымаюць гэтае пытанне і ёсць хаўруснікамі ў гэтым пытанні.

– Калі ўявіць сабе сцэнар, што сапраўды падчас вучэнняў «Захад 2025» у другой палове гэтага года расейцы размесцяць у Беларусі значную групоўку. Мы не ведаем якую, хаця б частку гэтых 15 дывізіяў. Якія могуць быць варыянты развіцця падзеяў? Гэта руцінныя вучэнні, дзе расейскія войскі толькі зойдуць на тэрыторыю Беларусі, а пасля выйдуць? Ці гэта нешта большае?
– У 2022 годзе Пуцін і Лукашэнка выкарысталі вучэнні як дымавую завесу для стварэння ўдарнай групоўкі, якая пайшла на Кіеў. Цалкам не выключана, што гэты варыянт можа быць і ў 2025-м. Пра яго, дарэчы, гаварыў прэзідэнт Зяленскі. Ён падкрэсліў, што гэта пагроза не толькі для Украіны, гэта можа быць пагроза для Польшчы і краінаў Балтыі.
,,Для нас небяспечна, што рэжым падпісвае новыя ўгоды з расейцамі. Фактычна гаворка пра стварэнне сталых вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі. Нам вельмі важна, каб гэтыя вучэнні ўвогуле ў ідэале не адбыліся. Мы знойдзем інструменты, каб прыкласці намаганні і спыніць іх.
На маё меркаванне, калі расейцы ўвядуць значныя сілы ў 2025 годзе ў Беларусь, хутчэй за ўсё, частка гэтых сілаў застанецца на нашай тэрыторыі. Гэта будзе перманентная пагроза для ўсяго рэгіёну.
– Яны маюць гэтыя сілы? Чым далей зацягваецца вайна, канчаецца трэці год, тым большае ўражанне складаецца, што ў расейцаў – праблемы з папаўненнем асабовага складу. Адкуль ім узяць свабодных нават некалькі дывізіяў, не кажучы пра 15, каб іх трымаць стала на беларускім кірунку?
– На жаль, у Пуціна ёсць такі інструмент, як мабілізацыя. Яны яго яшчэ не ўключалі напоўніцу. У 2022 годзе яны правялі частковую мабілізацыю, каб закрыць дзіркі, якія прабіла ўкраінская армія ў іхным войску. Цяпер яны пакуль што абыходзяцца кантрактнікамі, прапануючы людзям астранамічныя сумы за падпісанне кантракту. Думаю, яны маюць рэсурсы, бо вядома з адкрытых крыніцаў, што яны разагналі сваю эканоміку да 30–40 % на патрэбы нарошчвання вайскова-прамысловага патэнцыялу. Гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што яны не збіраюцца спыняцца. Яны рыхтуюцца да наступнай экспансіі, працягу вайны.
– Калі паглядзець у будучыню, бліжэйшыя месяцы да канца года: да якіх сцэнароў варта рыхтавацца беларусам, асабліва тым, якія цяпер у Беларусі і тым, якія ў момант Х гатовыя дзеяць?
– Разумеючы ўсю складанасць знаходжання ў Беларусі і вядзення актыўнай дзейнасці, можна канстатаваць, што ў Беларусі захоўваецца вельмі вялікі патэнцыял, і тыя пасіянарыі, якія выходзілі ў 2020 годзе, збольшага застаюцца ў краіне. Пра гэта сведчаць рэпрэсіі, якіх не спыняе рэжым. Кожны дзень адбываюцца пасадкі, нягледзячы на тое, што частку палітвязняў выпусцілі.
,,Носьбіт суверэнітэту Беларусі – не Лукашэнка, які сам сябе абвесціў прэзідэнтам і захапіў уладу, а беларускі народ. Апошняе слова можа быць толькі за беларускім народам. Калі суверэнітэт – нашая каштоўнасць, за якую мы гатовыя і будзем змагацца, то толькі ад нас будуць залежаць наступныя падзеі вакол Беларусі.
У некаторых еўрапейскіх краінах у падручніках грамадзянскай абароны, тэрытарыяльнай абароны прапісаныя пункты, што нават нягледзячы на загады, якія вам будзе аддаваць улада пра капітуляцыю, мы не маем права складаць зброю. Барацьба павінна працягвацца. Экстрапалюючы на беларускую сітуацыю: нелегітымны Лукашэнка мае магчымасць здаць суверэнітэт Беларусі, але як адрэагуем мы, беларусы, залежыць толькі ад нашай волі.
– А план нейкі будзе? У 2020 годзе былі сотні тысяч асобаў, мільёны, але не было плану. Усё адбывалася даволі спантанна. Ты як прадстаўнік у нацыянальнай бяспецы і абароне, Святлана Ціханоўская, беларускія дэмакратычныя сілы – гатовыя падрыхтаваць такі план ці некалькі варыянтаў планаў дзеяння не для публікацыі на такую аварыйную сітуацыю, калі памрэ Лукашэнка, захварэе, адбудуцца нейкія крытычныя змены, напрыклад, Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну ці расейцы зноў атакуюць Украіну з тэрыторыі Беларусі? Варыянтаў можа быць шмат.
– Праца над памылкамі зробленая. Частка планаў ужо існуе. У нас ёсць два базавыя сцэнары. Гэта будзе далейшая эскалацыя ці магчымае замірэнне. Нам трэба распрацаваць планы на ўсе выпадкі магчымых падзеяў. Я скажу, што 2020 год паказаў, што грамадства хоча зменаў, і тады грамадства было гатовае да дзеянняў. У пэўным рэчышчы. Адсутнасць фактычна цэнтру, які сэнсоўна мог кіраваць тым пратэсным патэнцыялам у 2020 годзе, была нашаю праблемай і нашаю памылкай. Я спадзяюся, што астатнія дэмакратычныя сілы ўлічаць гэтую памылку, і мы выйдзем ужо найбліжэйшым часам з гатовымі сцэнарамі і гатовымі інструментамі.
Відэаверсію размовы глядзіце тут: