МУС Грузіі 21 лютага паведаміў пра затрыманне за незаконны абарот наркотыкаў 22 чалавек, сярод якіх – грамадзяне Украіны, Іярданіі, Турцыі і Беларусі. Колькі менавіта беларусаў – не ўдакладняецца.
Паліцыя праводзіла аперацыю ў трох рэгіёнах краіны: Аджарыя, Самэгрэла – Верхняя Сванэтыя і Імэрэці.
12 чалавек сярод затрыманых абвінавачваюцца ў наркагандлі. Пяцёра з іх – замежнікі 1982,1994, 1999, 2000 і 2001 гадоў нараджэння. Паліцыя выкрыла іх шляхам правядзення кантраляваных закупак і аўдыё- і відэазапісаў гэтых закупак.
Падчас вобшукаў у дамах падазраваных і ў іншых месцах была сканфіскаваная асабліва буйная колькасць розных відаў наркотыкаў, у тым ліку гераін, экстазі, мэтадон, амфетамін, мэфэдрон, марыхуана і іншыя. Таксама паліцыяй былі вынятыя грошы, клейкая стужка і электронныя вагі.
Вядзецца расследаванне паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Грузіі. Затрыманым пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі ці пажыццёвае зняволенне.
Марыя Міхалевіч belsat.eu