навіны

У Дзяржынску судзяць сям’ю, а ў Менску – журналіста Ігара Ільяша. Рэпрэсіі 21 лютага

Ігар Ільяш з жонкаю Кацярынаю Андрэевай. Пара прызнаная палітвязнямі і застаюцца за кратамі ў Беларусі. Крыніца: pozirk.online
Ігар Ільяш з жонкаю Кацярынаю Андрэевай. Пара прызнаная палітвязнямі і застаюцца за кратамі ў Беларусі. Крыніца: pozirk.online
podpis źródła zdjęcia

«Свабода слова павінна быць гарантаваная. Журналістыка – гэта не злачынства», – такім чынам еўрапейскія дыпламаты адрэагавалі на суд над журналістам Ігарам Ільяшам. Аднак беларускія ўлады мяркуюць інакш. Расказваем пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.

21 лютага пачалі судзіць журналіста Ігара Ільяша. Яго абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК). Пра затрыманне Ігара Ільяша сталася вядома 22 кастрычніка. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням», то бок даваў інтэрв'ю незалежным медыям, а таксама нібыта «займаўся зборам звестак для замежных выведак» – даваў каментары ўкраінскім выданням.

Жонка Ігара – палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева.

Справу разглядаюць у Менскім гарадскім судзе. Працэс вядзе суддзя Сяргей Кацар.

Дыпламаты Аўстрыі, Чэхіі, Еўразвязу, Фінляндыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Славакіі, Швецыі і Вялікай Брытаніі каля Менгарсуда, дзе разглядаюць справу Ігара Ільяша. 21 лютага 2025 года. Фота: facebook.com/EmbassyofSwedeninMinsk
Еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да суда, дзе разглядаюць справу журналіста Ігара Ільяша навіны

Сямейную пару судзілі ў Дзяржынску за ўдзел у пратэсных акцыях, піша «Вясна».

У судзе Дзяржынскага раёну 19 лютага разглядалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу супраць Ірыны і Аляксандра Бабкоў. Працэс вёў суддзя Раман Крыловіч.

У Берасці пад «экстрэмісцкую адміністратыўку» трапіў, падобна, дырыжор аркестру акадэмічнага тэатру, паведамляе «Вясна».

У раскладзе суда Ленінскага раёну гораду 20 лютага было заўважанае прозвішча А. А. Куўшыннікава. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).


З такімі ініцыяламі ў Берасці ведаюць дырыжора сімфанічнага аркестру Берасцейскага акадэмічнага тэатру драмы (з 2007 года) і кіраўніка духавога аркестру Берасцейскага музычнага каледжу Аляксандра Анатольевіча Куўшыннікава.

Мадэль і былую бортправадніцу «Qatar Airways» Вераніку Жалубоўскую будуць судзіць за ўдзел у пратэстах, піша «Вясна».

Апошняе фота ў сацсеткі дзяўчына выклала 18 лістапада 2024 года з Турцыі. Пасля гэтага яна паехала ў Беларусь. Імаверна, тады яе і затрымалі, адзначае «Наша Ніва».

Суд над Веранікаю распачынаецца 4 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. Судзяць яе паводле «народнага» артыкулу – ч. 1 арт. 342 КК.

Вераніцы 29 гадоў, яна з Менску. Скончыла менскі ліцэй № 1, а пасля адвучылася ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. У 2016 годзе дзяўчыну прызналі пераможцаю сталічнага конкурсу «ВелаМіс».

Пасля сканчэння МДЛУ Вераніка адпрацавала тры гады сцюардэсаю у «Qatar Airways». Таксама Вераніка захапляецца мадэлінгам і акторствам. Яна знялася ў эпізадычных ролях у чатырох фільмах пад псеўданімам Вераніка Бруснікіна і супрацоўнічала з мноствам мадэльных агенцтваў.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10