Паказ спектаклю «Мая маці ў турме» паводле кнігі Вольгі Вялічкі адбудзецца 22 лютага ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Пра гэта паведамляе ў сваім тэлеграм-канале Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.
У аснову спектаклю пакладзеныя ўспаміны дзяцей беларускіх і савецкіх палітвязняў.
Псіхолаг Вольга Вялічка, якая працуе з дзецьмі палітзняволеных, два гады таму пачала збіраць іхныя гісторыі пра тое, як яны перажывалі гэты складаны час: спачатку ператрусы ўдома, потым затрыманне бацькоў і іхнае зняволенне.
«Дзеці распавядалі, якія ім сняцца сны, якія прыдумляюць казкі, каб справіцца з траўмай, і пра што мараць. Іх досвед параўноўваецца з гісторыямі жанчын і дзяцей, рэпрэсаваных у савецкія часы ў лагеры АЛЖЫР (Акмалінскі лагер жонак "здраднікаў радзімы", які існаваў у Казахстане да 1953 года). Так з’явілася кніга “Ад двух да пятнаццаці. Мая маці ў турме”», – піша НАУ.
Паводле гэтай кнігі былыя акторы Гарадзенскага драматычнага тэатру, якія пасля падзеяў 2020 года былі вымушаныя пакінуць Беларусь, разам з калегамі са Старога Віленскага тэатру зрабілі спектакль. У ім таксама занятыя дзеці, якія навучаюцца ў тэатральнай школе «Разам» і не могуць вярнуцца на радзіму.
Рэжысёрка спектаклю – Наталля Лявонава.
Гэты праект прысвячаецца ўсім, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў.
Уваход па рэгістрацыі. Зарэгістравацца можна тут. Ахвяраванне ад 30 злотых.
Спектакль адбудзецца 22 лютага. Пачатак а 19:00 у Музеі Вольнай Беларусі (вул. Фоксаль, 11, Варшава).
Арсен Рудэнка belsat.eu