Расейская служба радыё «Свабода» атрымала базу звестак галоўнага вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Расеі (ГВМУ). У ёй знайшліся пацверджанні, што падчас расейскага ўварвання ва Украіну ў Беларусі лячылі расейскіх вайскоўцаў.
У дачыненні Беларусі звесткі абмяжоўваюцца сакавіком 2022 года. За гэты месяц у беларускіх цывільных шпіталях лячылася не менш за 800 расейскіх вайскоўцаў. Яны размяшчаліся ў Хойніках, Мазыры і Гомлі.
Больш за ўсё было сілавікоў з Расгвардыі (151 чалавек), дэсантнікаў 31-й брыгады ПДВ з Ульянаўску (88), мотастралкоў 64-й брыгады (70 параненых у Цэнтральным гарадскім гомельскім шпіталі).
Агулам база ўтрымлівае звесткі пра 166 тыс. пацыентаў вайсковых шпіталяў у Расеі і анексаваным Крыме, якія праходзілі лячэнне са студзеня 2022 года да сярэдзіны чэрвеня 2024 года.
Паводле Пэнтагону і Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну было паранена каля 600 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
Беларускія ўлады ўсяляк падтрымліваюць Расею ў агрэсіі супраць Украіны. У канцы 2024 года журналісты знайшлі ў Беларусі фільтрацыйны лагер расейскіх вайскоўцаў, дзе катавалі ўкраінцаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu