Канцэрт адбудзецца 25 лютага пад патранажам «Белсату». Запрашаем узяць удзел у конкурсе.
24 лютага 2025 года спаўняецца тры гады з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны. Грамадства ахопленай канфліктам краіны ёсць прыкладам надзвычайнай мабілізацыі, не толькі вайсковай, але і сацыяльнай, грамадзянскай і культурнай, перад абліччам найвялікшага крызісу на еўрапейскім кантыненце пасля Другой сусветнай вайны. Гэтая гераічная пазіцыя служыць надзвычайным прыкладам для Еўропы і ўсяго свету ў барацьбе за свабоду і дэмакратычныя каштоўнасці.
Ужо ў 2022 годзе, усяго праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны, «Мэтраполітан-Опэра» ў Нью-Ёрку ў асобе яе дырэктара Пітэра Гелба і Вялікі тэатр – Нацыянальная опера ў Варшаве на чале з дырэктарам Вальдэмарам Дамброўскім пастанавілі заснаваць «Ukrainian Freedom Orchestra». Салідарнасць можна праяўляць па-рознаму. «Ukrainian Freedom Orchestra» – гэта і духоўнае падтрыманне для краіны-барацьбіткі, і матэрыяльная дапамога музыкам. У яго складзе – уцекачы, вымушаныя пакінуць Украіну дзеля бяспекі; украінскія музыкі, якія ўваходзяць у склад еўрапейскіх аркестраў; і інструменталісты, якія граюць у нацыянальных калектывах.
Як і ў мінулыя гады, на юбілейным канцэрце ў Варшаве аркестрам будзе кіраваць Керы-Лін Ўілсан, канадская дырыжорка ўкраінскага паходжання, ініцыятарка стварэння «Ukrainian Freedom Orchestra». У праграме – Сімфонія № 9 рэ мінор, ор. 125 Людвіга ван Бэтховэна ў выкананні салістаў: Вольгі Бяссмертнай – сапрана, Наталлі Кухар – мецца-сапрана, Васіля Салодкага – тэнара і Уладзіслава Буяльскага – бас-барытону. Іх будзе суправаджаць хор Падляскай оперы і філармоніі ў Беластоку.
Больш інфармацыі пра канцэрт можна знайсці на сайтах Вялікага тэатру – Нацыянальнай оперы ў Варшаве і Ukrainian Freedom Orchestra.
Тэлеканал «Белсат» – адзін з медыйных патронаў канцэрту. На польска- і беларускамоўных профілях «Белсату» ў Facebook мы зладзілі конкурс, у якім можна здабыць парныя квіткі на канцэрт. Ён прызначаны для дарослых, якія ў гэты час застаюцца на тэрыторыі Польшчы.
md / belsat.eu / матэрыялы арганізатараў