«Украіну паймелі. Еўропу, дарэчы, таксама». Небяспечныя гульні Трампа з Пуціным

Прамова віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы выклікала шырокі рэзананс. У расейскім эфіры яе называюць «гістарычнай», а тэлеканал «Россия» нават праводзіць паралелі з выступам Уладзіміра Пуціна 2007 года.

Словы Вэнса сталі сапраўдным падарункам для крамлёўскіх СМІ. Асноўныя тэзісы: свабоды слова ў Еўропе няма, адмена вынікаў выбараў у Румыніі незаконная, а галоўная пагроза для Еўропы – не Кітай і не Расея, а сама Еўропа. Па звестках Bloomberg, у кулуарах еўрапейскія чыноўнікі лічаць, што Трамп «прадаў» Украіну. Неназваны ўкраінскі прадстаўнік у інтэрв'ю The Economist выказаўся яшчэ больш жорстка:

,,

«Украіну паймелі. Еўропу, дарэчы, таксама».


Нават у амерыканскай выведкі дзеянні Трампа выклікаюць пытанні. Па дадзеных NBC News, выведка ЗША лічыць, што Пуцін не зацікаўлены ў рэальным мірным пагадненні, а толькі разлічвае выйграць вайну і ўсталяваць поўны кантроль над Украінай. Крыніцы тэлеканала сцвярджаюць, што перамір'е неабходнае Расеі для аднаўлення войска і вяртання ў сусветную эканоміку. Зрэшты, нягледзячы на гэтыя асцярогі, Трамп заявіў:

,,

«Не, я думаю, ён хоча спыніцца. Гэта было маё пытанне да яго, бо калі ён збіраецца ісці далей, гэта было б вялікай праблемай для нас, і гэта выклікала б вялікую праблему для мяне, бо вы проста не можаце дапусціць гэтага. Ён хоча скончыць гэта. І яны хочуць скончыць гэта хутка».


У «Вестях недели» таксама падкрэсліваюць, што Еўропу за стол перамоваў не клічуць. Аднак, праз некалькі дзён пасля выхаду выпуску ў эфір дзяржсакратар ЗША Маркаў Руб’ёў заявіў, што мірнае пагадненне магчымае толькі пры згодзе ўсіх бакоў і Еўразвяз павінен будзе сесці за стол перамоваў.


Тым часам Доналд Трамп паўтарае тэзіс, што калі б ён быў прэзідэнтам у 2022 годзе, вайны не здарылася б. Цяпер ён дадае, што адказнасць за сітуацыю нясе Байдэн, які нібыта прапанаваў Украіне ўступіць у NATO.

Насамрэч пастанова пра будучае ўступленне Украіны ў NATO была прынятая яшчэ ў 2008 годзе на саміце альянсу ў Бухарэсце. Тады прэзідэнтам ЗША быў рэспубліканец Джордж Буш-малодшы. Байдэн быў сенатарам і не прымаў удзелу ў гэтым рашэнні. Больш за тое, супраць уступлення Украіны ў NATO тады выступілі Нямеччына і Францыя.

У 2018 годзе Украіна атрымала статус краіны-аспіранта – кандыдата ў сябры NATO. Хто быў тады прэзідэнтам ЗША? Доналд Трамп. У 2020 годзе, таксама пры Трампе, статус Украіны быў павышаны да партнёра з пашыранымі магчымасцямі, але без прадастаўлення плана дзеянняў па сяброўстве.

Такім чынам, Трамп, сцвярджаючы, што ўступленне Украіны ў NATO стала ініцыятывай Байдэна, фактычна кажа пра рашэнні, прынятыя пры яго адміністрацыі.

Таксама ў новым выданні «Лукавых навінаў»:

  • Хлусня – афіцыйная пазіцыя Крамля
  • Лаўроў абвінавачвае ЗСУ ў «зверствах», але факты сведчаць пра адваротнае

belsat.eu / ЮК