Меркаваннi

Сачыце за рукамі

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступае з прамовай у Белым доме ў Вашынгтоне, ЗША.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступае з прамовай у Белым доме ў Вашынгтоне, ЗША. 20 лютага 2025 года. Фота: Celal Gunes / Anadolu / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

Апошнімі днямі ў айчыннай інфармацыйнай прасторы не сціхаюць панічныя настроі: маўляў, Трамп збіраецца здаць Пуціну ўсю Еўропу, ЗША цалкам выйдуць з усіх справаў у Старым свеце, Украіна застанецца безабаронная, а лёс Беларусі дык увогуле перадвызначаны – анексія Крамлём і плацдарм для далейшага наступу Расеі на Захад. І сапраўды, рыторыка Вашынгтона далёка не самая прыемная для Украіны: беспасярэднія атакі на Зяленскага і нежаданне называць расейскую агрэсію расейскай агрэсіяй выклікаюць радасную рэакцыю нават у найбольш яскравых крамлёўскіх прапагандыстаў.


Аднак першая кадэнцыя Трампа паказала, што ягоная рыторыка можа радыкальна адрознівацца ад дзеянняў. Колькі б ні казаў гаспадар Белага дому пра павагу да Пуціна і ні ціснуў руку крамлёўскаму калегу, але не даў таму канчаткова падсадзіць Еўропу на іголку расейскага газу, увёўшы санкцыі супраць «Паўночнай плыні 2» і заявіўшы, што гэты трубаправод «ператворыць Нямеччыну ў закладніцу Расеі». Адпаведна, варта назіраць усё ж не столькі за словамі амерыканскага кіраўніцтва, колькі за рухамі.


У цяперашняй жа сітуацыі ў вочы кідаюцца адразу некалькі момантаў. Па-першае, шмат хто ўбачыў у вызваленні трох палітычных вязняў у выніку перамоваў Лукашэнкі з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ў справах Усходняй Еўропы Крыса Сміта жаданне ЗША наступіць на тыя ж граблі, што і шмат пакаленняў заходніх палітыкаў: паспрабаваць купіць у менскага дыктатара вызваленне палітзняволеных і імітацыю дэмакратызацыі ў Беларусі ў абмен на зняцце санкцыяў. Што праўда, сітуацыя цяпер крыху іншая. На гэты момант слаба ўяўляецца, што Лукашэнка можа весці нейкія перамовы з прадстаўнікамі ЗША без згоды Крамля: за такія выбрыкі можна і гарбаткі выпіць, так бы мовіць.


Але ці не ёсць так, што гэта Крамлю адною з умоваў замірэння паставілі выхад з Беларусі? Маўляў, выпаленыя вайной украінскія тэрыторыі так ужо і быць – хай дэ-факта застаюцца за Расеяй (як і ўсе эканамічныя выдаткі, звязаныя з магчымым (?) іх аднаўленнем, дарэчы), але ў абмен на гэта для гарантыі бяспекі ў рэгіёне Крамлю прапануюць вывесці войскі (у тым ліку ядравую зброю) з Беларусі і пакінуць у спакоі яе ўнутраную палітыку?


Дэманстрант трымае плакат з надпісам «Сапраўдныя амерыканцы за Украіну» падчас мітынгу пратэсту супраць палітыкі Дональда Трампа. Лос-Анджэлес, ЗША. 17 лютага 2025 года. Фота: Etienne Laurent / AP Photo / East News
Дэманстрант трымае плакат з надпісам «Сапраўдныя амерыканцы за Украіну» падчас мітынгу пратэсту супраць палітыкі Дональда Трампа. Лос-Анджэлес, ЗША. 17 лютага 2025 года. Фота: Etienne Laurent / AP Photo / East News

Вось у такой сітуацыі дазвол Лукашэнку на размовы з Вашынгтонам ёсць часткаю вялікага сцэнара, пры якім Масква ідзе на саступкі пад ціскам ЗША. Публічна ўсё падаецца, натуральна, па-іншаму: майстэрства дыпламатыі заключаецца ў тым ліку ва ўменні без стратаў для сябе даць іншаму боку захаваць твар і адчуць сябе пераможцам.


Дарэчы, варта паглядзець, што менавіта крамлёўская прапаганда прапаноўвае сваёй аўдыторыі ў якасці магчымага выніку мірных перамоваў. Не, не поўнае далучэнне Херсонскай, Запарожскай, Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны. І нават не змяншэнне памеру ЗСУ ці раззбраенне Украіны. Найбольш гучны наратыў такі: у Расею могуць вярнуцца заходнія брэнды, найперш гаворка пра вопратку і аўтамабілі. Пра гэта як па камандзе пачалі трубіць усе галоўныя расейскія СМІ і топавыя чыноўнікі, хоць ніякай дакументальнай нагоды няма. «Volkswagen Golf» і штаны «Zara» – вось што прэзентуюць як магчымы трафей. Калі ў цябе ёсць гарантыі нейкіх сур’ёзных дасягненняў, крыху дзіўна прадаваць аўдыторыі такую лухту, згадзіцеся.


Яшчэ адна рэч, якую запусцілі ў расейскае інфармацыйнае поле: ЗША ў выніку перамоваў выведуць войскі з краінаў Балтыі. Гучыць, вядома, ого-го. Але ёсць нюанс. Тых амерыканскіх жаўнераў у краінах Балтыі ўсяго каля 2000 чалавек: каля 800 у Літве, недзе па 600 у Латвіі і Эстоніі. Не выглядае як нешта здольнае стратэгічна змяніць сітуацыю, праўда? Пагатоў у балтыйскіх краінах размешчаныя батальённыя групы NATO перадавой прысутнасці. Да таго ж вывядзенне амерыканскіх войскаў з Усходняй Еўропы выключыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, заявіўшы пра гэта ў выніку размоваў са спецыяльным прадстаўніком аб Расеі і Украіне Кітам Келагам.


На гэтым фоне жорсткая і часам бязглуздая рыторыка амерыканскага кіраўніцтва можа быць фонам для правядзення сваёй дыпламатычнай гульні, галоўнае заданне якой – адстойваць уласныя інтарэсы, вядома ж, а не падарункі таму ці іншаму боку канфлікту. Таму, шаноўнае спадарства, варта сачыць за рукамі, а не слухаць прыгожыя аповеды ілюзіяніста.



belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10