навіны

Беларускія рокеры «:B:N:» і «Atesta» выдалі новыя альбомы

Вокладкі альбомаў «20+» гурта «:B:N:» і «Hramadstva» гурта «Atesta»
Вокладкі альбомаў «20 plus» гурта «:B:N:» і «Hramadstva» гурта «Atesta». Калаж: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Бярозаўскія "Foo Fighters"» і менскі гурт, які ўжо сем гадоў называюць маладым, выдалі альбомы ў Дзень роднай мовы.

У адзін дзень, 21 лютага, выйшлі два новыя альбомы беларускіх рок-гуртоў, якія граюць у эміграцыі.


«:B:N:», які родам з Бярозы, выдаў альбом «20 plus». Паслухаць яго можна бясплатна на розных пляцоўках у інтэрнэце. Жывая прэзентацыя запланаваная на 8 сакавіка ў Беластоку, 9 сакавіка ў Жэшаве і затым у іншых гарадах. А менавіта ў Дзень роднай мовы вакаліста «:B:N:» можна паслухаць на фэсце ў Варшаве.

Музычны журналіст Аляксандр Чарнуха ў допісе пра альбом нібы разносіць музыкаў: «Шчыры і наўпроставы ракешнік без прэтэнзіяў на звышарыгінальнасць і вынаходлівасць». Маўляў, «у ім няма яскравых хайлайтаў і звышупэўненай харызмы, цікавых небанальных тэкстаў і арыгінальнай мелодыкі». Чарнуха прыходзіць да высновы:


«Але ў прадказальнасці і гэтай ненаўмыснай шчырасці таксама ёсць свая абаяльнасць: паспрабуйце паслухаць гэты альбом хаця б два разы і зразумееце, што так маглі б гучаць "Foo Fighters", калі б нарадзіліся ў Берасцейскай вобласці».


Чаму «20 plus», калі гурту неўзабаве споўніцца 26 гадоў? Лідар «:B:N:» Алесь Лютыч тлумачыць «Белсату», што ў альбом трапілі песні, напісаныя з 2020 года да цяперашняга часу. І з 2020 года – пачынаючы ад ковіду – пачалося «зусім новае жыццё». Ён кажа, што як пачалося ад «Выбару» (так завецца першы трэк у альбоме), так і панеслася. А торцік на вокладцы, бо з 2020 года што беларусам, што ўсяму свету «не да святаў». Торцік растаптаны, на стале бардак, «свята пакрадзенае».


Яшчэ адзін новы альбом – «Hramadstva» ад гуртa «Atesta» родам з Менску. Паслухаць яго можна бясплатна на розных пляцоўках у інтэрнэце. Ужывую «Atesta» грае 21 лютага ў Беластоку, 23 лютага ва Вроцлаве.


Як адзначае «Еўрарадыё», усё яшчэ ёсць спакуса назваць гурт маладым, хоць ён прэзентуе ўжо трэці альбом. Гурту ўжо сем гадоў, аднак асацыяцыі з маладосцю невыпадковыя: вакалістка Улляна Паўловіч пачала граць у 14 гадоў, і хоць хутка дасягне ўзросту, пазначанага ў назве альбому «:B:N:», дагэтуль расказвае пра бачанне свету дзецьмі.


«Гэта першы альбом у эміграцыі, – кажа яна «Еўрарадыё» пра «Hramadstva». – Ментальная мяжа, тое самае "адпусціць і рухацца далей". Некалькі песень былі прыдуманыя ў Беларусі, а адна нават запісаная. На іх усе разам я гляджу трошку як на сцэну смерці тэрмінатара, які па новай збірае сябе з расплаўленага металу».


Два новыя альбомы – гэта не ўся музыка, якую беларусам варта паслухаць 21 лютага. Музычны канал «Клік» апублікаваў адмысловы плэйліст да Дня роднай мовы, у якім сабраў трэкі, дзе беларуская спалучаецца з іншымі мовамі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10