«Нястомныя эльфы» з каманды камунікацыі прапанавалі Ціханоўскай зрабіць замест Дня роднай мовы чэлендж на цэлы месяц.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на Дзень роднай мовы 21 лютага абвясціла Месяц роднай мовы. Цягам гэтага месяца чальцы Офісу Ціханоўскай будуць расказваць цікавінкі пра беларускую мову.
Пачала сама Ціханоўская:
Ціханоўская з адсылкай да мэму «откуда на Беларусь готовилось нападение» паказала тры кірункі, адкуль беларуская мова можа ўзяцца ў жыцці.
- Слухаць беларускамоўных блогераў. Ціханоўская прывяла ў прыклад YouTube-праекты «Ток» і «Гутаркі», ініцыятыву «Годна», а таксама Instagram спявачкі Маргарыты Ляўчук.
- Чытаць кнігі па-беларуску. Ціханоўская ў гэтым кірунку больш працуе са сваймі дзецьмі: штовечар чытае ім па-беларуску.
- Размаўляць па-беларуску, нават з памылкамі. Ціханоўская наракала: ведае некалькі прыкладаў, калі блогеры пераставалі размаўляць па-беларуску, бо іх зневажалі за памылкі. Яна заклікала падтрымліваць адно аднаго, а не забіваць жаданне размаўляць па-беларуску.
Дзень роднай мовы – не беларуская вынаходка. Міжнародны дзень роднай (матчынай) мовы абвясцілі на 30-й сесіі UNESCO ў 1999 годзе на прапанову Бангладэшу дзеля ўшанавання памяці пяцярых студэнтаў, расстраляных пакістанскай паліцыяй у час маршу за статус бенгальскай мовы ў Бангладэшы – тагачасным Усходнім Пакістане. Мэта Дня роднай мовы – заахвочваць да моўнай і культурнай разнастайнасці, спрыяць усведамленню моўных і культурных традыцыяў на аснове ўзаемапаразумення, цярплівасці і дыялогу.
Згаданы ціханоўскай праект «Годна» 21 лютага выдаў кліп гурта «Nochy» – «Слова маё – гэта меч у баі».
Алесь Наваборскі belsat.eu