навіны

Гісторыкі знайшлі, дзе ўпершыню надрукавалі «Песню пра зубра» Гусоўскага

Скавіньская брама ў Казімежы
Скавіньская брама ў Казімежы, Польшча. Гравюра Ежы Гласоўскага, 1841 год. Скан: Нацыянальная бібліятэка Польшчы
podpis źródła zdjęcia

Аказалася, загадка была даўно разгаданая, толькі беларускія даследнікі не ведалі адказу. «Песню пра зубра» надрукавалі ў 1523 годзе ў Скавіньскай вежы ў Казімежы, што цяпер у межах Кракава.

Belsat

Мікола Гусоўскі. Як зубр стаў сімвалам Беларусі

Belsat.eu

Ініцыятыва перакладнікаў «BelRead» зацікавілася пытаннем, дзе была надрукаваная славутая «Песня пра зубра» – паэма Міколы Гусоўскага, напісаная на латыні на замову Папы Рымскага. Пра знойдзены адказ расказалі выданню «Zerkalo».


Ужо было вядома, што паэму ўпершыню надрукавалі ў 1523 годзе ў Кракаве – у зборніку з 11 вершамі і адным творам у прозе. На адной з апошніх старонак выдання было падпісана: «Impressum Cracoviae per Hieronymum Vietorem. Anno Domini M.D.XXIII. Mense Octob». Значыць, «надрукавана ў Кракаве Гіеранімам Віеторам у 1523 годзе, у кастрычніку». Віетар – славуты друкар з Вены, які заснаваў тыпаграфію ў Кракаве ў 1518 годзе і атрымаў ад караля Жыгімонта Старога тытул кнігадрукара каралеўскай канцылярыі.


Але дзе была тая друкарня, беларускія навукоўцы не ведалі. Як выявілася, польскія ведалі: пра гэта пісалі ў артыкуле пра польскі кнігадрук навукоўцы Алёдыя Кавэцка-Грычова і Анна Манькоўска, а таксама Ян Адамчэўскі ў «Малой энцыклапедыі Кракава».


Друкарня, у якой упершыню была надрукаваная «Песня пра зубра», была ў Скавіньскай вежы ў колішнім Казімежы (цяпер гэта раён Кракава). Вежа была разабраная на будаўнічыя матэрыялы яшчэ ў XVII стагоддзі, пра яе сёння нагадвае толькі мемарыяльная шыльда на вуліцы Скавіньскай.

Беларускія даследнікі такога адрасу раней не згадвалі, а пра «Песню пра зубра» на вуліцы Скавіньскай нічога не нагадвае. Ды цяпер можна лічыць, што гэтае месца нанесенае на мапу беларускай літаратуры, кажа «BelRead».


«Песня пра Зубра» («Carmen de statura feritate ac venatione bisontis») – твор, напісаны на замову Папы Льва X Мэдычы, які хацеў даведацца больш пра Вялікае Княства Літоўскае і пра зуброў. Гусоўскі зрабіў больш, чымся прасілі: апавёў пра край і народ, уславіў князя Вітаўта, раскрыў свае роздумы пра Радзіму і яе месца ў гісторыі, заклікаў да яднання еўрапейскіх народаў у змаганні з турэцкай і татарскай наваламі. Твор лічыцца выдатным эпічным паказам беларускіх земляў, непераўзыдзеным яшчэ тры сотні гадоў – да «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.


«Песню пра зубра» можна пачытаць і па-беларуску, ёсць тры пераклады: Язэпа Семяжона, Наталлі Арсенневай і Уладзіміра Шатона. Першы даступны бясплатна онлайн.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10