Гісторыі

У Батумі працуе беларуская школа, у якую едуць з усяго свету. Размаўляем з яе заснавальніцай

беларуская школа ў Батумі
Беларуская школа ў Батумі. У цэнтры фота – яе заснавальніца Аксана Акуневіч. Фота: асабісты архіў Аксаны Акуневіч
podpis źródła zdjęcia

Беларуска Аксана Акуневіч жыве ў Грузіі з 2022 года. Спачатку яна стварыла ў Батумі беларускую шматфункцыянальную прастору «аКсяродак», а ўвосень 2023-га – першую і пакуль адзіную беларускамоўную школу ў Грузіі, якая мае афіцыйную дзяржаўную атэстацыю і навучанне ў якой дае права на атрыманне дазволу на жыхарства. Дзеля адукацыі па-беларуску як вучні, так і настаўнікі адмыслова пераязджаюць у Батумі з іншых краінаў. Пагутарылі з Аксанай пра школу і захаванне беларускай ідэнтычнасці ў грузінскім асяроддзі.

За год колькасць вучняў вырасла ў тры разы


Беларуская школа ў Батумі адкрылася ўвосень 2023 года. У Аксаны атрымалася стварыць не проста штосьці кшталту прыватнага гуртку для дзяцей, а паўнавартасную адукацыйную ўстанову, спалучаную з мясцовай грузінска-французскай школай. Праект атрымаўся ўнікальны, бадай што іншага такога няма і ў іншых краінах.


Навучальны тыдзень у школе падзелены на дзве часткі: тры дні дзеці вучацца цалкам па-беларуску на базе прасторы «аКсяродак», два – у грузіна-французскай школе.


У першы год вучыцца прыйшлі 8 дзяцей з 1 па 6 класы.

,,

«І гэта было нават больш, чым я разлічвала, бо мы пачыналі не з верасня. Але, як я і казала падчас адкрыцця, я была гатовая нават з адным дзіцём працаваць, каб не згубіць магчымасць супрацы з грузінскай школай», – прыгадвае Аксана.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
«Стварыць і захаваць сваю ідэнтычнасць». У Батумі распачынае працу афіцыйная беларускамоўная школа навіны

У верасні 2024 года ў школу прыйшло ўжо ў тры разы больш дзяцей – 24. Праз некаторы час, аднак, дзве сям’і былі вымушаныя з’ехаць з Грузіі праз праблемы з дакументамі, таму цяпер засталося 20 дзяцей.


«Сёлета мы крыху змянілі канцэпцыю школы. Летась мы ячшэ прыглядаліся, ацэньвалі, як працаваць, якія прадметы самім выкладаць, а якія аддаць грузінскай школе, праграму падбіралі. Сёлета ўжо выбудавалася структура, стала больш прадметаў і настаўнікаў, – распавядае Аксана. – Летась у нас вучыліся дзеці з 1 па 6 класы, сёлета мы набіралі па 12 клас, але прыйшлі дзеці з 1 па 9 класы. Максімальная колькасць вучняў у класе ў нас – 8 чалавек па дамоўленасці з грузінскай школай».


«Птушаняты», «жэўжыкі» і «парасткі»

Вучні беларускай школы ў Батумі на шпацыры. Фота: асабісты архіў Аксаны Акуневіч
Вучні беларускай школы ў Батумі на шпацыры. Фота: асабісты архіў Аксаны Акуневіч

Незвычайнасць беларускай школы ў Батумі пачынаецца з таго, што класы тут сфармаваныя не па ўзросце і класе, які фактычна дзіця скончыла раней, а па ведах. Класы нават пазначаюцца не 1 «А» ці 3 «Б», як мы прызвычаіліся, а назвамі.


«Мы зрабілі тэставанне для дзяцей на пачатку навучальнага года, і па выніках размеркавалі, – кажа Аксана. – Наш умоўны першы клас – «Птушаняты» – ён інтэграваны з садком, што робіць адаптацыю да школы лягчэйшай. Далей ідуць «Жэўжыкі» – 2-і, 3-і і дзяўчынка з 5-га класа ў ім. «Парасткі» – 4-ы, 5-ы, 6-ы класы. І далей ідуць падлеткі – 7-ы, 8-ы, 9-ы класы».


Расклад прадметаў у школе Аксаны таксама вельмі цікавы і моцна адрозніваецца ад беларускіх ды нават звычайных грузінскіх школаў.
У кожным класе – 6 гадзінаў матэматыкі на тыдзень, 2 гадзіны інфарматыкі. Беларуская мова інтэграваная з літаратурай і выкладаецца па праектным прынцыпе – дзеці самі пішуць кніжкі, газеты. З другога класа выкладаецца гісторыя Беларусі, мастацкая культура, параўнальная міфалогія – класічная старажытнагрэцкая, беларуская і грузінская.

Заняткі па кулінарным мастацтве. Фота: асабісты архіў Аксаны Акуневіч
Заняткі па кулінарным мастацтве. Фота: асабісты архіў Аксаны Акуневіч

З 4-га класа вывучаецца фізіка. Аксана Акуневіч – аўтарка праекту «Чалавечая фізіка», пісала кандыдацкую працу пра ранняе навучанне фізіцы, і сцвярджае, што ідэальны час для пачатку выкладання гэтага прадмету – 5 клас, калі ў вучняў яшчэ моцна выражаная пазнавальная цікаўнасць.


Урокі ад шэф-повара з Ізраілю і штодзённая рэфлексія


Яшчэ з цікавага – з гэтага года ў кожным класе дзеці вывучаюць кулінарную творчасць – яе дзве гадзіны на тыдзень выкладае ізраільскі шэф-повар – малады хлопец з Магілёву, які ў Беларусі вучыўся на настаўніка гісторыі і грамадскіх навук.


Акрамя таго, кожны дзень у раскладзе – беларускія танцы. І яшчэ адзін абавязковы штодзённы прадмет – так званая куратарская гадзіна.

,,

«Гэта рэфлексія. З дзецьмі абмяркоўваюцца па тры пытанні: пра навучанне, пра стасункі паміж сабой і трэцяе пытанне – «на падумаць», і гэта могуць быць зусім няпростыя тэмы, – распавядае Аксана. – Напрыклад, надоечы абмяркоўвалі, ці можа фізічны гвалт уплываць на паспяховасць вучня, што рабіць, калі праявы фізічнага гвалту ёсць у школе, ці заўсёды барацьба з гвалтам патрабуе фізічнага супраціву. На такіх «уроках» мы збіраем розныя класы, бо нашая мэта – каб школа была адзіным калектывам. Такія рэфлексіі дапамагаюць дзецям выбудаваць лагічныя сувязі, а таксама сацыяльныя стасункі».


Усе пералічаныя прадметы выкладаюцца па-беларуску. Яшчэ некалькі дысцыплінаў дзеці вывучаюць у грузінскай школе – там ужо з дапамогай расейскай мовы, бо грузінскія настаўнікі не валодаюць беларускай: гэта грузінская, англійская, французская мовы – па 4 гадзіны штотыдзень, шахматы – 2 гадзіны, і грузінскія танцы – таксама 2 гадзіны.


З Кітаю ў Батумі – дзеля беларускай школы


Перад пачаткам бягучага навучальнага года Аксана вельмі хвалявалася, што не набярэ настаўнікаў, каб выкладаць усю запланаваную праграму па-беларуску, але, кажа, у Батумі сабралася шмат людзей, якія дзеля беларускай справы гатовыя працаваць з ідэйных прычынаў, таму настаўнікаў хапае.


«Надоечы да мяне звярнулася жанчына, якая прыехала ў Батумі проста адпачыць да сяброў. Яна скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, прапанавала дапамагчы з французскай, англійскай. Але сказала, што не ведае метадалогіі. І раптам праз дзень напісала жанчына: кажа – я метадыст англійскай мовы, захапляюся ўсім, што вы робіце, хачу вам дапамагчы. Я іх звязала», – кажа наша суразмоўца.

Беларуская школа ў Батумі. Фота: Кася Беларуская
Беларуская школа ў Батумі. Фота: Кася Беларуская

Некаторыя спецыяльна пераехалі ў Батумі дзеля беларускай школы.


«Нашая настаўніца матэматыкі шмат гадоў жыла ў Егіпце, а потым вырашыла пераехаць, і калі абірала краіну, сур’ёзнай перавагай у Грузіі для яе стала нашая беларуская школа, – распавядае Аксана. – Таксама нядаўна пасля аднаго майго інтэрв’ю са мной звязаўся беларус – выкладчык англійскай мовы, які жыве ў Кітаі, і таксама сказаў, што вельмі хацеў бы выкладаць у беларускай школе, дзеля яе нават гатовы разгледзець пераезд з Кітаю ў Батумі».


Дзеля навучання на роднай мове пераязджаюць таксама цэлыя сем’і з дзецьмі:

,,

«Мінулым летам мне напісала сям’я: мы назіралі за вамі, што вы будзеце набіраць у старэйшыя класы, мы жывем у Польшчы, атрымалі дакументы, і хочам, каб дзеці вучыліся на беларускай мове, бо ў Польшчы цяжка захаваць беларускую ідэнтычнасць, мы хацелі б аформіць да вас дзяцей. Дзеля гэтага маці з дзецьмі прыехала жыць у Батумі, бацька застаўся ў Польшчы праз нейкія справы з дакументамі».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыбыццё цягніка на станцыі метро ў Тбілісі, Грузія. 25 лютага 2024 года. Фота: Белсат
«Беларусы з’язджаюць, плануем закрывацца». Што з культурніцкімі прасторамі ў Грузіі? навіны

Гэтак жа пераехала яшчэ адна беларуская сям’я з Вільні.


«Яны прывялі дзяцей да нас у школу і садок. Старэйшы хлопец вучыўся ў гімназіі ім. Францыска Скарыны ў Вільні, але калі ў краіне пачалі раскручваць тэму ліцвінізму, бацькі вырашылі з’язджаць, і не разглядалі ніякіх варыянтаў, акрамя беларускай школы. Таму выбралі Батумі, – распавядае Аксана. – Той хлопец мае цудоўную беларускую мову, на днях напісаў мне падзяку, што паглядзеў адно з маіх інтэрв’ю, захапляецца ўсім, што я раблю, уражаны энтузіязмам, маштабам працы. Гэта моцна падтрымлівае».


Школе патрэбная фінансавая падтрымка


На сённяшні дзень «аКсяродак» і школа – адзіныя культурніцкія беларускія прасторы ў Грузіі. Усе астатнія, што былі ў Тбілісі і Батумі, зачыніліся. Нявызначаная будучыня і праектаў Аксаны, бо ў той час як з развіццём навучальнага працэсу і з цікаўнасцю вучняў і іхных бацькоў да школы ўсё складваецца паспяхова, тым не менш, установа стаіць перад сур’ёзнай праблемай – недахопам фінансавання. Па словах Аксаны, ніякай вонкавай падтрымкі ў школы няма – толькі тыя грошы, што бацькі плацяць за навучанне дзяцей.


«Я разлічвала кошт навучання сыходзячы з таго, каб даць настаўнікам рынкавыя заробкі, а таксама, каб кожная сям’я магла дазволіць сабе гэтую школу. У выніку атрымліваецца, што ўсё, што плацяць бацькі, цалкам сыходзіць на заробкі настаўнікам і не пакрывае ні арэнду, ні мой уласны заробак», – кажа заснавальніца школы.

Бібліятэка ў «аКсяродку». Фота: Кася Беларуская
Бібліятэка ў «аКсяродку». Фота: Кася Беларуская

Грантавай ці донарскай падтрымкі ў школы таксама няма.


«Я наіўна спадзявалася, што Офіс ці нейкія фонды ўбачаць і скажуць – якую файную справу вы робіце, мы вас падтрымаем, асабліва ўлічваючы, што і сёння самы просты шлях для беларусаў некуды ўцячы – гэта Грузія. Але падтрымкі так і няма. Магчыма, ёсць і мае недапрацоўкі недзе, бо я з усім не спраўляюся, і мы толькі зараз зрабілі сайт, дзякуючы настаўнікамі, запусцілі ko-fi і т.п., каб можна было данаціць. Калі захочаце падтрымаць, будзем шчыра ўдзячныя», – кажа Аксана.


Акрамя фінансавання, школе патрэбнае новае, большае памяшканне.


«Мы выраслі, і цяпер нам мала таго памяшкання, што ёсць – мы выкарыстоўваем літаральна кожны квадратны сантыметр. У праходах у нас стаяць сцелажы з беларускай бібліятэкай, а яна ў нас вельмі вялікая. Я імкнуся набываць усе навінкі. Памятаю, калі ў нас праходзіла «Прадмова» у 2023 годзе, творцы, якія да нас прыехалі, глядзелі і захапляліся, маўляў, якія ў вас ёсць рэдкія кнігі. У ідэале хацелася б сваё памяшканне з дворыкам», – распавядае наша суразмоўца.


«Прарастаюць нізавыя ініцыятывы»


Аксана кажа, што пастаянна думае, ці працягваць працу і школы, і «аКсяродку», бо не ведае, ці ў яе хопіць сілаў і грошай. Шмат якія патрэбы школы цяпер беларуска закрывае з ўласных сродкаў, але накапленні паступова сканчаюцца. На дадзены момант, па словах Аксаны, грошай хопіць да канца бягучага навучальнага года, а далей трэба думаць, што рабіць.

Заняткі ў беларускай школе ў Батумі. Фота: асабісты архіў Аксаны Акуневіч
Заняткі ў беларускай школе ў Батумі. Фота: асабісты архіў Аксаны Акуневіч

Праз недахоп сродкаў давялося таксама закрыць суботнюю беларускамоўную школку, якая працавала летась як частка сеткі школак – падобныя тады таксама былі адкрытыя ў Варшаве і Вільні – іх падтрымлівала Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету. Але, па словах нашай суразмоўцы, сёлета грошай на гэты праект ужо не далі, а вадзіць дзяцей на платныя заняткі сем’і не захацелі.

,,

«І я іх разумею – у Грузіі жывуць не самыя багатыя беларусы», – зазначае гаспадыня «аКсяродку».


Тое, што шмат беларусаў з’язджае з Грузіі, не выклікае асаблівай трывогі ў Аксаны. Так, у іншыя краіны, пераважна, у Польшчу, пераехала шмат творцаў, медыйных асобаў, актывістаў, але адначасова ў Батумі прыязджаюць новыя людзі, не такія публічныя, але вельмі цікаўныя да роднай мовы і культуры. У той час як зачыняюцца гучныя беларускія праекты ў Грузіі, пачынаюць прарастаць нізавыя ініцыятывы. Напрыклад, ужо год штотыдзень без перапынку ў «аКсяродку» праходзяць беларускія танцы, і на іх заўсёды збіраецца шмат людзей.


«У Грузіі ўсё яшчэ ёсць магчымасць для спакойнага захавання і развіцця беларускай ідэнтычнасці, – зазначае Аксана. – Некалі грузінскі антраполаг казаў мне, што вялізная перавага беларусаў у Грузіі ў тым, што мясцовае насельніцтва амаль не мае ніякага ўяўлення пра нас, таму мы можам стварыць любое. І я бачу, што мы ствараем пазітыўнае».


«Язык сам кажа «прывітанне» і «дзякуй», ужо не можам па-расейску»


Той факт, што ў Грузіі ўсё яшчэ едзе шмат беларусаў, не адмяняе адмоваў у палітычным прытулку ці праблемаў з пашпартамі, таму цалкам натуральна, што людзі з’язджаюць. Шмат хто накіраваны на Польшчу, і гэтым сем’ям можа быць вельмі карысная беларуская школа, падкрэслівае Аксана:


«Беларуская і польская мовы падобныя. У нас дзіця напрацуе моўны апарат, лексіку і ў польскай у яго будзе нашмат лягчэйшая адаптацыя. Я зараз хаджу на курсы па польскай мове, і бачу па аднагрупніках, што хутчэй польскую засвойваюць тыя, што валодаюць беларускай. Цяжэй тым, якія размаўляюць толькі па-расейску».

Беларуская школа ў Батумі. Фота: Кася Беларуская
Беларуская школа ў Батумі. Фота: Кася Беларуская

Для тых жа, хто плануе заставацца ў Грузіі, Аксана Акуневіч нагадвае яшчэ адну перавагу ейнай школы – магчымасць атрымаць дазвол на жыхарства ўсёй сям’і:


«Нашая школа мае дзяржаўную грузінскую атэстацыю, па якой дзецям даюць ДНЖ, а потым і бацькі могуць атрымаць па ўз’язднанні сям’і на ўвесь час навучання ў школе. Адмоваў у ДНЖ па навучанні дзецям не было пасля 2022 года».


Акрамя школы, гэтым летам, як і мінулым, Аксана плануе правесці беларускамоўны летнік на моры – «Злёткі» (Sletki). На яго можна адправіць дзіця ці прыехаць усёй сям’ёй – для бацькоў будзе асобная праграма.

,,

«Гэта цудоўная магчымасць па развіцці сваёй ідэнтычнасці. Мяне штораз вельмі цешыць, калі цалкам рускамоўныя дзеці пад канец летніку кажуць – што ж вы з намі зрабілі, ужо язык сам кажа «прывітанне» і «дзякуй», а не «привет» і «спасибо» – не можам ужо па-расейску», – зазначае наша суразмоўца.


Аксана Акуневіч спадзяецца, што атрымаецца знайсці фінансаванне, і школа працягне працаваць і развівацца, бо патрэба ў ёй у беларускіх сем’яў вельмі вялікая.


«Буду ўдзячная ўсім за любую падтрымку і дапамогу», – рэзюмуе беларуска.


Як дапамагчы


Падтрымаць «аКсяродак» і беларускую школу ў Батумі можна любым зручным вам спосабам.


  • Банкаўскія рэквізіты для пераводу:


GE90BG0000000539862681 BOG
GE86TB7809845064400010 TBC


  • PayPal: https://paypal.me/aksiarodak?country.x=GE&locale.x=en_US


  • Данат з падтрымкай крыпты: https://tourniquet.app/donate/aKsiarodak


  • Ko-fi: https://ko-fi.com/aksiarodak


  • Stripe: https://buy.stripe.com/fZedSCaFJ7DH69qbII


Ганна Ганчар belsat.eu



больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10