21 лютага, у Дзень роднай мовы, пісьменніца Святлана Курс зачытае дыктоўку на «Белсаце».
Тэкст дыктоўкі – пра родную мову паводле артыкулу Цёткі «Шануйце роднае слова!» 1914 года, у якім Алаіза Пашкевіч (сапраўднае імя Цёткі) некалі звярнулася да моладзі з заклікам не адмаўляцца ад роднай мовы, а наадварот, імкнуцца да яе ўзбагачэння.
Дыктоўка адбудзецца адразу пасля «Аб'ектыву», каля 20:30 беларускага часу.
Нагадаем, 21 лютага ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Свята заснавалі на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі UNESCO ў 1999 годзе, 21 лютага абраны невыпадкова: у гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяцёра студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней сталася незалежнаю дзяржаваю Бангладэш.
Паводле звестак Белстату на 2024 год, 54,1 % цяперашняга насельніцтва Беларусі лічаць беларускую мову роднай. Але толькі 23,4 % жыхароў краіны сказалі, што размаўляюць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці.
Найбольшую долю сярод тых, хто лічыць беларускую мову роднаю, складаюць старэйшыя за 70 гадоў асобы – 13,4 %. Ва ўзроставай групе ад 30 да 34 гадоў гэты паказнік складае 9,6 %, ад 60 да 64 гадоў – 9,4 %.
Сярод грамадзянаў Беларусі, якія лічаць сябе беларусамі, 61,2 % успрымаюць беларускую мову як родную.
Надзея Вольная belsat.eu