навіны

Курсантаў Вайсковай акадэміі Беларусі пачалі навучаць кіраваць беспілотнікамі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія БПЛА ў небе падчас наведвання тагачасным міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу палігону Маскоўскай вайсковай акругі, Расея. 20 красавіка 2024 года.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія БПЛА ў небе падчас наведвання тагачасным міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу палігону Маскоўскай вайсковай акругі, Расея. 20 красавіка 2024 года. Фота: Russian Defense Ministry Press Service / AP / East News
podpis źródła zdjęcia

У Вайсковай акадэміі Беларусі пачаліся першыя заняткі ў кіраванні беспілотнікамі. Кафедра спецыяльнага рыхтавання і баявога выкарыстання БПЛА адкрылася ў канцы мінулага года.

Ужо вядома, што навучанне пройдуць усе курсанты Вайсковай акадэміі, пасля чаго атрымаюць пасведчанні аператараў беспілотных лятальных апаратаў. Фотарэпартаж з практычных заняткаў курсантаў апублікавала БелТА.


У Мінабароны Беларусі паведамляюць, што ў найбліжэйшыя гады паспрабуюць закрыць патрэбу ў аператарах беспілотнікаў для Узброеных сілаў. Кваліфікацыю аператара БПЛА будуць мець усе афіцэры запасу. Дзеля гэтага на вайсковых факультэтах і кафедрах усіх ВНУ будуць створаны спецыялізаваныя класы іх рыхтавання.


Нагадаем, таксама ў Беларусі працуюць над стварэннем новых цэнтраў рыхтавання аператараў FPV-дронаў.


Найбольш актыўна ў гэтым кірунку працуе Заходняе аператыўнае камандаванне Узброеных сілаў Беларусі. Згаданыя цэнтры ёсць на базе механізаваных злучэнняў. Таксама заняткі з такімі спецыялістамі рэгулярна праходзяць у розных падраздзяленнях беларускага войска.


Летась Беларускае добраахвотнае таварыства спрыяння арміі, авіяцыі і флоту паабяцала да 2026 года «цалкам забяспечыць сілавыя структуры аператарамі дронаў». Мінулаю восенню рыхтаванне аператараў беспілотнікаў абмяркоўвалася з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10