У эфіры ранішняга шоу «Обычное утро» вядоўца Канстанцін Каверын стукаў кулаком па стале і лаяўся, даводзячы, якім мусіць быць мужчына на пасадзе старшыні Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі. Такім чынам Каверын адрэагаваў на слёзы цяпер ужо былога старшыні Крыстафэра Гойсгена.
Крыстафэр Гойсген расчуліўся падчас сваёй развітальнай прамовы – ён сышоў з пасады старшыні Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі.
«Я вельмі ўдзячны ўсім тым еўрапейскім палітыкам, якія выказаліся і пацвердзілі каштоўнасці і прынцыпы, што яны абараняюць. Ніхто не зрабіў гэта лепш за прэзідэнта Зяленскага. І тут мне становіцца цяжка працягваць ...», – сказаў Гойсген і вярнуўся ў залу, дзе яму апладзіравалі.
Канстанцін Каверын абурыўся выступам. Пры гэтым ён прызнаўся, што і сам можа паплакаць. І ўвогуле мужчыны могуць плакаць, калі памер блізкі, «ты даведваешся пра крыміналку, выязджаеш за мяжу і разумееш, што больш ніколі не пабачыш свайго сябра, напрыклад, розныя абставіны бываюць», сказаў вядоўца.
,,«Проста калі ад цябе штосьці залежыць, больш за тое, яшчэ і жыцці іншых людзей, то бок ты старшыня канферэнцыі бяспекі цэлага свету. На цябе глядзяць цывільныя, людзі, якія чакаюць тваёй абароны. Уявіце Чэрчыла, які выйшаў бы ў 40-м годзе і заплакаў», – сказаў ён.
Калі ягоная сувядоўца Марына Ментусава паспрабавала не пагадзіцца з крытыкаю і адзначыла, што, калі б Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін маглі б так сама плакаць, то Беларусь і Расея былі б зусім іншымі краінамі.
Тады Каверын пачаў біць па стале і лаяцца, падкрэсліваючы, што трэба даваць Украіне зброю, а не плакаць.
«Соплі распусціў, з дзяўчынкаю нейкай абдымаецца там. Марына, часам маскуліннасць працуе, калі на цябе нападаюць звяры», – патлумачыў сваю пазіцыю Каверын.
,,«Сто адсоткаў, што гэта сексізм, і Косця ведае гэта пра сябе. І ёсць шмат мужчынаў, якія ведаюць, а шмат нават не ўяўляюць, што гэта нейкая вялікая праблема, якая існуе ў нашым грамадстве», – адзначыла пасля гэтага ў эфіры «Еўрарадыё» сувядоўца Каверына, асветніца на тэму гендарнай роўнасці Марына Ментусава.
Яна адзначыла, што ў Беларусі мужчыны жывуць у сярэднім на 10 гадоў менш, чым жанчыны, што ў тым ліку звязана са стэрэатыпамі аб тым, якім павінен быць мужчына.
«Забароненыя эмоцыі, паходы да тэрапеўтаў, да лекараў – гэта ўсё ўплывае на тую жудасную статыстыку. Я кажу не толькі пра раннюю смертнасць, але і пра суіцыды ў нашым рэгіёне. У мужчынаў яны больш. Бо гэта вялікая адказнасць, што ты павінен усё аплочваць, усё цягнуць на сабе, эмацыйна ўсё хаваць. Гэта дрэнна ўплывае на іх. Жанчынам таксама стэрэатыпы перашкаджаюць нармальна жыць, зарабляць грошы і гэтак далей.
Я заўсёды кажу, што гендарныя стэрэатыпы негатыўна ўплываюць на жыццё не толькі жанчын. Толькі вельмі багатыя мужчыны бенефіцыянты патрыярхату. Нельга казаць, што мужчына з беднай сям’і, які цяпер у беларускай арміі, гэта павіннасць яго, што ён шмат прывілеяў ад патрыярхату мае. А вось нешматлікія мужчыны, у якіх ёсць шмат рэсурсаў, яны на гэтым патрыярхаце зарабляюць», – сказала Ментусава.
Арсен Рудэнка belsat.eu