Крысціна Дробыш адказала тым, хто лічыць беларускую мову мёртваю

Кожны расейскамоўны беларус рана ці позна прыходзіць да высновы, што час пачаць размаўляць па-беларуску. Сваю гісторыю апавяла былая акторка Купалаўскага тэатру, галоўнага нацыянальнага тэатру Беларусі, якая, як і шмат хто з суайчыннікаў, калісьці не магла даць інтэрв’ю на беларускай мове.

21 лютага свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды да нас завітала акторка і аўдыявыдаўца Крысціна Дробыш, якая шмат зрабіла для папулярызацыі беларускай мовы: напрыклад, прадзюсуе і агучвае аўдыякнігі.

Крысціна запрапанавала некалькі ідэяў, як адзначыць Дзень роднай мовы.

Калі вы маеце з кім пагаварыць па-беларуску, ёсць надзейны чалавек, які дасць магчымасць пераадолець страх, можна гэты дзень, хоць адзіны дзень у годзе, прысвяціць таму, каб паразмаўляць беларускімі словамі. Нават калі будуць скрыпець мазгі, зрабіце гэты высілак над сабою.

Калі страшнавата, то можна прынамсі ўзяць некалькі словаў, якімі мы карыстаемся кожны дзень: «вітаю», «дзякуй», «калі ласка», «на здароўе», «смачна есці». Проста ўзяць пяць расейскіх словаў, якія вы сёння заменіце беларускімі. І, можа, гэта зробіцца прывычным.

Калі хочацца пабыць на самоце, ці адзіне, можна ўключыць беларускія песні. А гэта не толькі Лявон Вольскі і «N.R.M.»! Цяпер вельмі шмат музыкі выпускаецца па-беларуску.

Паглядзець кіно, агучанае па-беларуску.

Паслухаць аўдыякнігу.

Проста прысвяціць гэты дзень таму, чым мы ганарымся. Нават калі мы ганарымся гэтым раз на год, гэта ўжо добра.

Адукацыйную праграму «Мова нанова» з Віктарам Шукеловічам глядзіце штонядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.