Вызваленне палітычных вязняў пры ўдзеле ЗША – згода на перамовы, мяркуе Зянон Пазняк. Трамп прымусіць Лукашэнку спыніць рэпрэсіі, але Крэмль супраць. Ці дапамогуць дэмакратычныя сілы Беларусі адмяніць санкцыі? Спрачаюцца Рымашэўскі і Мажэйка. Новы «Двубой» з Віталём Цыганковым.
«У чым увогуле сэнс санкцыяў? Чаму ў свеце бывае такі інструмент? Санкцыі ўводзяцца, каб змяніць чыюсьці палітыку. Нехта робіць нешта, з чым ты не згодны, – уводзіш санкцыі, каб ён свае дзеянні памяняў. І мы бачым візіт Крыса Сміта ў Менск і тое, што пісала «The New York Times»: нейкія папярэднія размовы, дамоўленасці ідуць акурат у тым рэчышчы, у якім санкцыі ў свеце ўвогуле і ўводзяцца. Мы ўвялі санкцыі, каб вы не рэпрэсавалі людзей. Калі вы гатовыя іх перастаць рэпрэсаваць, то можна і санкцыі адмяняць», – тлумачыць аналітык Вадзім Мажэйка.
На думку Мажэйкі, менавіта наяўнасць санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі і паспрыяла вызваленню часткі палітзняволеных. Аднак спікер фракцыі «Наша справа / Беларускія хрысціянскія дэмакраты» ў Каардынацыйнай радзе Віталь Рымашэўскі мяркуе, што санкцыі ёсць як «добрыя», гэтак і «кепскія». І праз наяўнасць санкцыяў Расея ўсё больш і больш паглынае Беларусь. Аднак пачатак перамоваў з ЗША можа ўсё змяніць, і дэмакратычныя сілы мусяць гэтаму паспрыяць.
«Безумоўна, гэты крок не задавальняе. Я перакананы: Крэмль і Расея зробяць усё магчымае, каб двухбаковых кантактаў паміж лукашэнкаўскім рэжымам і еўрапейскімі палітыкамі не адбылося. І тут я, на жаль, мушу канстатаваць, што не ўсе дэмакратычныя сілы, але тыя дэмакратычныя лідары і структуры, якія на слыху, тут сінхронна дзеюць з пазіцыяў Крамля, гэта праўда. Мне тут няма чаго дадаць да таго, што сказаў Зянон Пазняк: падпісваюся пад кожным ягоным словам. Бо сёння, ва ўмовах, калі ўсходняя мяжа Беларусі з Расеяй адкрытая, калі Трамп будзе сустракацца з Пуціным наўпрост, далей казаць пра ізаляцыю Беларусі – выглядае як мінімум бязглузда», – мяркуе Віталь Рымашэўскі.
Аднак ці сапраўды прэзідэнту ЗША Доналду Трампу ўдасца прымусіць Аляксандра Лукашэнку спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць палітычных вязняў?
Глядзіце новы «Двубой» з Віталём Цыганковым.