Францыя плануе правесці 19 лютага другую сустрэчу для абмеркавання вайны ва Украіне і еўрапейскай бяспекі. На сустрэчу запрошаная таксама Канада.
Як паведамляе «Reuters» са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, Парыж на гэты раз запрасіў еўрапейскія краіны, якія не прысутнічалі раней на гэтым тыдні, і Канаду. У прыватнасці, запрошаныя Нарвегія, Літва, Эстонія, Латвія, Чэхія, Грэцыя, Фінляндыя, Румынія, Швецыя і Бельгія. Фармат будзе ўключаць відэаўдзел.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон 17 лютага арганізаваў экстранную сустрэчу з такімі краінамі, як Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Польшча, а таксама кіраўніцтва NATO і Еўрапейскага Звязу. Гэта было часткай намаганняў для ацэнкі таго, як могуць выглядаць патэнцыйныя гарантыі бяспекі для Украіны, як Еўропа павінна як найхутчэй павялічыць выдаткі на абарону, і як рэагаваць на перамовы паміж Расеяй і Украінай, якія арганізуюць ЗША.
Некаторыя краіны былі незадаволеныя тым, што сустрэча была толькі для некаторых лідараў, а не ў выглядзе поўнага саміту ЕЗ.
Якуб Хруст belsat.eu