Двойчы кандыдатка на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі Ганна Канапацкая, якую абодва разы лічылі праўладным спойлерам, папрасіла Дэпартамент эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання ЗША (DOGE), які ўзначальвае мільярдэр Ілан Маск, праверыць дзейнасць Офісу беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай.
Як расказала сама Ганна Канапацкая, яна абвінаваціла структуры дэмакратычнай лідаркі ў нямэтавым выкарыстанні грашовых сродкаў пры размеркаванні грантаў ЗША, у тым ліку праз Дзяржаўны дэпартамент ЗША. Паводле Канапацкай, атрымальнікі фінансавай дапамогі за чатыры гады «не падалі грамадскасці справаздачы аб расходаванні гэтых сродкаў».
Канапацкая папрасіла Дэпартамент эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання ЗША праверыць усе накіраваныя Офісу Святланы Ціханоўскай і звязаным з ім структурам амерыканскія гранты, ініцыяваць расследаванне іх дзейнасці кампетэнтнымі органамі, а таксама «ацаніць пагрозы» Офісу Ціханоўскай «для нацыянальнай бяспекі ЗША і Беларусі», спыніць яго фінансаванне.
На выбарах 2020 і 2025 года Канапацкая, паводле афіцыйных звестак, набрала 1,67 % і 1,86 % галасоў адпаведна. Ціханоўская называла яе кандыдатам-спойлерам і спарынг-партнёрам Аляксандра Лукашэнкі. Сёлета Канапацкая павіншавала прыхільнікаў дзейнай улады з перамогай, заявіўшы, што «выбары» ў Беларусі прайшлі без сур'ёзных узрушэнняў.
Якуб Хруст belsat.eu