Міністр унутраных справаў Літвы Владыслаў Кандратовіч у інтэрв'ю «Delfi» распавёў аб праблемах, з якімі сутыкаецца ягоная краіна ў сувязі з дзеяннямі ўладаў Аляксандра Лукашэнкі. А таксама адказаў на пытанні пра становішча беларусаў у Літве.
Кажучы пра выкарыстанне ўладамі Беларусі міграцыйнага крызісу для ціску на суседнія краіны, міністр заявіў, што «гэта адзін з такіх інструментаў, якім можна падарваць і эканоміку, і стабільнасць краіны, не толькі Літвы, але і ўсяго Еўрапейскага Звязу».
Пры гэтым Владыслаў Кандратовіч адзначыў, што падчас нядаўняга «перапрызначэння» Аляксандра Лукашэнкі на мяжы было больш спакойна, бо беларускія сілавікі, мабыць, былі занятыя іншымі пытаннямі. Пасля 26 студзеня колькасць спробаў незаконна перасячы беларускую мяжу з краінамі ЕЗ павялічылася.
Са словаў кіраўніка МУС Літвы, казаць пра поўную бяспеку мяжы ніколі не ўдасца, бо «іншы бок, які выкарыстоўвае менавіта інструменталізацыю як зброю, прыдумляе новыя метады». Для таго каб супрацьстаяць гэтаму, неабходна быць на крок наперадзе і развіваць інфраструктуру, сказаў ён. Сёння, паводле Кандратовіча, беларуская мяжа фактычна на 100 % мае фізічную перашкоду. У хуткім часе плануецца гэта зрабіць і на мяжы з Калінінградскай вобласцю РФ.
Што тычыцца запуску метэазондаў з Беларусі ў Літву, у тым ліку з кантрабанднымі цыгарэтамі, Кандратовіч мяркуе, што колькасць выяўленых і перахопленых зондаў у цэлым адпавядае колькасці высланых прыладаў.
Калі наладзяцца стасункі з Менскам?
Кіраўнік МУС Літвы падкрэсліў, што стасункі Вільні і Менску наладзяцца толькі тады, калі зменіцца рэжым у Беларусі, які ёсць пагрозай для Літвы.
,,«Я не кажу пра народ, Я кажу менавіта пра часткі рэжыму Лукашэнкі, якія зусім не зацікаўленыя ў тым, каб у нас усё было стабільна і добра. Таму тут вельмі важна не губляць пільнасці і не паддавацца ўлюлюканню, скажам так, мас-медыяў з таго боку, якія кажуць, што з намі [беларускім бокам. – Заўв. belsat.eu] усё добра, але, паверце мне, гэта зусім не так», – заявіў Кандратовіч.
Ён таксама распавёў пра выпадкі, калі грамадзяне Літвы ездзілі ў Беларусь і сутыкаліся са спробамі вербавання і арыштамі:
«Такія сітуацыі ёсць, і ніколі не ведаеш, каго выберуць наступным разам. Магчымасці і спосабы працы службаў Беларусі вельмі разнастайныя і хітрыя, таму вывучаючы тых людзей, якія перасякаюць межы, хутчэй за ўсё, калі-небудзь яны знойдуць спосаб і прычыну, падставу, як гэта выкарыстоўваць у сваіх карыслівых і зусім не добрых мэтах».
Закранаючы праблемы з легалізацыяй беларусаў у Літве, міністр прызнаў, што краіны маюць тысячагоддзі агульнай гісторыі, падобны менталітэт. Адзначыў ён і добрыя водгукі працадаўцаў пра беларускіх працаўнікоў, аднак заявіў: вялікая колькасць беларусаў у Літве ў любы момант можа быць выкарыстаная «як пятая, шостая, дзясятая» калона. Таму, сказаў ён, «гэтыя фактары, рызыкі» неабходна ацэньваць, але «вельмі спакойна».
Што тычыцца нападаў на крамы і культурніцкія цэнтры, звязаныя з беларускай дыяспарай у Літве, то міністр не змог адказаць на пытанне, ці арыштаваны за гэта хто-небудзь.
Дэпартамент міграцыі Літвы ў 2024 годзе прызнаў пагрозай нацыянальнай бяспецы 598 беларусаў і 125 расейцаў. 29 студзеня 2025 года ўрад Літвы пастанавіў працягнуць дзеянне закону аб абмежаваннях для беларусаў і расейцаў да 2 траўня 2026 года.
Якуб Хруст belsat.eu