навіны

Палітзняволены журналіст Ігар Карней схуднеў за кратамі на 15 кілаграмаў і мае праблемы з сэрцам

Ігар Карней падчас інтэрв'ю ў зняволенні.
Ігар Карней падчас інтэрв'ю ў зняволенні. Скрыншот: Тэлеканал ОНТ / YouTube
podpis źródła zdjęcia

У зняволенні Ігар Карней схуднеў ужо на 15 кілаграмаў, але, як паведаміла дасведчаная крыніца, палітвязень трымаецца, шмат чытае і размаўляе з сукамернікамі.

Са снежня 2024 года Ігар Карней утрымліваецца ў магілёўскім СІЗА. Як піша радыё «Свабода» са спасылкай на дасведчаную крыніцу, «з магілёўскага СІЗА Карнея на некалькі дзён прывозілі ў СІЗА КДБ у Менску, а потым ізноў вярнулі ў Магілёў».


На ўмовы ў камеры вязень не скардзіцца, шмат чытае і размаўляе з сукамернікамі. З ім няма тэлефоннай сувязі, але лісты даходзяць.


Паводле крыніцы, «у СІЗА КДБ Карней трапіў да лекара, там паслухалі сэрца і пацвердзілі, што не вельмі роўны рытм, выпісалі валяр’янкі. Пасля шклоўскай калоніі палягчэў на 15 кг, зараз трохі ад’ядаецца ў Магілёве».


Нагадаем, 1 студзеня на дзяржаўным тэлеканале ОНТ паказалі зняволенага Ігара Карнея. Журналіста, які доўгі час працаваў на радыё «Свабода», затрымалі 17 ліпеня 2023 года. Спачатку яго арыштавалі паводле адміністратыўнай справы на 10 содняў, а пасля заканчэння арышту перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні паводле ч. 3 арт. 361-1 КК за супрацу з Беларускай асацыяцыяй журналістаў.


У Менскім гарадскім судзе 22 сакавіка 2024 года суддзя Сяргей Кацэр прызначыў Карнею тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 20 тысяч рублёў. У сярэдзіне лета Ігара накіравалі адбываць тэрмін у шклоўскую калонію № 17, дзе менш чым праз паўгода супраць яго завялі новую крымінальную справу.


У снежні 2024 года Ігару Карнею прысудзілі яшчэ восем месяцаў калоніі, абвінаваціўшы ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі.


1 студзеня журналісту споўнілася 57 гадоў.


Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман выказаў думку, што паказ зняволенага на дзяржаўным тэлебачанні можа быць сігналам таго, што ў хуткім часе яго могуць вызваліць.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10