У выніку аварыі ў Батумі загінула 25-гадовая грамадзянка Беларусі, ейны спадарожнік атрымаў цяжкія траўмы.
Як паведаміў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк, які жыве цяпер у Грузіі, трагедыя здарылася ўначы 16 лютага ў цэнтры Батумі. Дзяўчына разам са сваім спадарожнікам (вядома, што ён таксама беларус – Заўв. рэд.), вярталіся на таксі з батумскага аэрапорту прыкладна а палове на пятую раніцы. Абое праводзілі ў Беларусь сястру дзяўчыны, якая прыязджала, каб пабачыцца.
З папярэдняй інфармацыі, у таксоўку з беларусамі ўрэзалася іншая машына.
Ад моцнага ўдару пасажыраў выкінула з аўта. Дзяўчына атрымала несумяшчальныя з жыццём траўмы і памерла на месцы. Мужчына, які быў разам з ёю, шпіталізаваны. Вядома, што пэўны час ён заставаўся ў коме, цяпер у свядомасці, але ў цяжкім стане. Вядома, што кіроўца таксі таксама шпіталізаваны. Кіроўца машыны, што ўрэзалася ў таксі, затрыманы і арыштаваны.

Як стала вядома «Белсату», імя загінулай дзяўчыны – Юлія Б., яна родам з Глыбокага. Разам з хлопцам яе пачалі шукаць сябры. Бо абое выйшлі з дому і не вярнуліся, засталіся ўключанымі нават камп’ютары. Нават пасля таго, як здарылася смяротная трагедыя і пра яе ўжо пісалі ў мясцовых тэлеграм-чатах, паліцыя пэўны час чамусьці не паведамляла, што загінулая – менавіта тая беларуска, якую ўжо шукалі сябры. Але праз нейкі час паліцыя ўсё ж пацвердзіла гэтую інфармацыю.
«Пра тое, што здарылася з беларускай, ейная сястра даведалася ўжо ў Менску, калі прызямліўся самалёт. Сёння, 18 лютага, сябры загінулай паедуць у морг на апазнанне. Пра тое, дзе і якім чынам будзе пахаваная Юля, яшчэ не вядома. Сваякі загінулай пакуль вызначаюцца», – пракаментаваў Раман Кісляк.
Нагадаем: нядаўна стала вядома, што за 1,5 года ў Грузіі сямёра беларусаў скончылі жыццё самагубствам – пяць мужчынаў і дзве жанчыны. Пра гэта сведчыць статыстыка самагубстваў, якую размясцілі на сайце МУС Грузіі.
Высветлілася, што ў 2023 годзе жыццё самагубствам скончылі чацвёра беларусаў: мужчыны 27 і 31 гадоў (абодва жылі ў Аджарыі), жанчыны 27 і 80 гадоў (жылі ў Тбілісі і рэгіёне Самэгрэла). Акрамя таго, у Аджарыі спрабавала ўчыніць суіцыд 25-гадовая грамадзянка Беларусі.
У першай палове 2024-га ў Аджарыі здзейснілі суіцыды 32-гадовы і два 23-гадовыя мужчыны.
«Белсат» ужо пісаў і пра тое, што становішча «палітычных» беларусаў у Грузіі сур'ёзна пагаршаецца. На дадатак да візавых пастак і прыняцця Закону аб замежных агентах цяпер, пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Грузіі, беларусам пачалі масава адмаўляць у прытулку. Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі прызнае, што некаторыя «палітычныя» беларусы адпавядаюць крытэрам Жэнеўскай канвенцыі і закону Грузіі аб міжнароднай абароне, але пры гэтым адказвае, што перабыванне беларусаў на тэрыторыі Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны» – іх прызнаюць пагрозаю дзяржаўнай бяспецы.
Надзея Вольная belsat.eu